Старонкі гісторыі

Галоўная Уверх Агляд сайта

 

19 верасня 2003 г. памёр заснавальнік сучаснай беларускай кампазітарскай школы А.В. Багатыроў

Анатоль Васільевіч БАГАТЫРОЎ 

Нарадзіўся 13.08.1913 г. ў г.Віцебску. Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі прафесара В.А. Залатарова (1937). Заслужаны артыст Беларусі (1940). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1944). Прафесар (1960). Народны артыст Беларусі (1968). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1969). Ганаровы член Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1995). Член СК Беларусі (1933).

 

         Анатоль Васільевіч Багатыроў – старэйшы прадстаўнік нацыянальнага мастацтва, заснавальнік сучаснай беларускай кампазітарскай школы. Кампазітар, грамадскі дзеяч, педагог, ён на працягу ўсяго свайго жыцця прымае актыўны ўдзел у развіцці прафесійнага музычнага мастацтва.

         Творчасць А. Багатырова ахоплівае оперу, сімфонію, хор, араторыю, канцэрты і жанры невялікай формы. Іх вызначае актуальнасць тэматыкі, аптымістычнасць канцэпцый, яркасць вобразных характарыстык. З’яўляючыся прадстаўніком рэалістычнага мастацтва, кампазітар працягнуў традыцыі класічнай музыкі, і перш за ўсе рускай. У той жа час музыка А. Багатырова арганічна ўпісваецца ў шэраг тых мастацкіх з’яў, якія прадоўжылі рамантычную лінію ў мастацтве. Блізкасць да гэтай плыні выяўляецца як ў экспрэсіі, асобнай выразнасці музыкі, так і ў звароце да вобразаў прыроды, чые дыханне адчуваецца ў драматычных кантатах "Беларускім партызанам", "Ленинградцы", араторыі "Бітва за Беларусь", у операх. Малюнкі прыроды заўсёды эмацыянальна сугучны сюжэту, дзеянню, душэўнаму стану герояў, яны служаць кантрастам напружанаму развіццю або ствараюць фон, садзейнічаючы рэльефнасці вобразаў. Прырода з‘яўляецца адным з галоўных герояў яго кантат "Беларускія песні", "Малюнкі роднага краю", лірычных тэм сімфоній, канцэртаў, а таксама хароў і рамансаў.

         А. Багатыроў – глыбока нацыянальны кампазітар, чые творчае аблічча сфарміравалася пад непасрэдным уздзеяннем беларускага фальклору. Нацыянальна вызначаны і ярка індывідуальны стыль кампазітара абапіраецца на разнастайныя праяўленні еўрапейскага музычнага вопыту. Асаблівую непаўторнасць стылю надае характэрная беларуская інтанацыя, якая ўзнікла на аснове жанраў і меласу нацыянальнага народнага песенна-танцавальнага мастацтва. Яркі і выразны меладызм яго твораў спалучае прыгажосць музычнага выказвання і свабоднае цячэнне думкі ў непаўторных па сваёй свежасці і эмацыянальнай шчырасці напевах беларускай музычнай культуры.

         Працэс развіцця таленту А. Багатырова, эвалюцыя яго эстэтычных поглядаў і музычнага стылю здзяйсняліся ў складаны перыяд станаўлення Беларусі. Будучы вучнем В.А. Залатарова, які развіваў традыцыі раскай класічнай музыкі, А. Багатыроў выхоўваўся ў павазе да высокага мастацтва, прынцыпаў яго мовы і стылю, прыёмаў кампазіцыі. Станаўленне творчай натуры супала з трагічнымі гадамі Вялікай Айчыннай вайны, росквіт даводзіцца на пасляваенны перыяд і сучаснасць.

         Першыні сур’ёзнымі дасягненнямі маладога кампазітара, выпускніка Беларускай кансерваторыі, з’явіліся кантата-паэма "Сказка о Медведихе" і опера "У пушчах Палесся", якая была пастаўлена на сцэне ДАВТа Беларусі і паказана на сцэне Вялікага тэатра СССР у час Першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1940 г.).

         Крытыка дала высокую ацэнку твору. У цэнтральным друку адзначалася, што самай моцнай рысай А. Багатырова з яўляецца меладычны талент. Менавіта ў мелодыцы ўся своеасаблівасць, арыгінальнасць яго музыкі і разам з тым арганічная сувязь з мастацтвам беларускага народа. У 1941 годзе кампазітару за оперу "У пушчах Палесся" была прысвоена Дзяржаўная прэмія СССР.

         Для кампазітарскага працэсу ваеных гадоў характэрна творчая актыўнасць і хуткасць у рабоце, пастаяннае імкненне да тэхнічнай дасканаласці. Сачыненні ваенных гадоў сцвярджалі высакароднасць чалавечага духу, веру ў перамогу. Іх няшмат, але ўсе яны значныя па зместу, актуальныя па тэматыцы, хвалюючыя па музычнаму выказванню. Сярод іх хоры, кантаты "Беларускім партызанам", "Ленинградцы" (прагучала ў 1942 г. у Маскве пад кіраўніцтвам М. Галаванава). У 1944 годзе А. Багатыроў за кантату "Беларускім партызанам" быў удастоены высокай урадавай узнагароды.

         Пасляваенныя гады – перыяд здзяйснення творчых задум. Кампазітар звяртаўся да сімфоніі, канцэрту, камерна-інструментальнай музыцы, вакальных і харавых жанраў. Творчым дасягненнем сталі дзве сімфоніі. Першая сімфонія звязана з тэмай Вялікай Айчыннай вайны. Другая прысвачана 30-годдзю Кастрычніка. У абедзвюх кампазітар вар іруе інтанацыі народных песень, карыстаючыся шырокім колам вобразна-выразных сродкаў. У прыватнасці, у Другой сімфоніі прысутнічаюць рысы музыкі краін Усходу, што адпавядае задуме твора. У канцэртах філармоніі гучалі кантаты, а ў сярэдзіне 50-ых гадоў была пастаўлена опера "Надзея Дурава", якая адлюстравала тэму подзвігу.

         Творы 60-ых гадоў – канцэрты для віяланчэлі, для кантрабаса, хоры, рамансы – уражваюць музычнай прыгажосцю, хараством формы і прафесійным майстэрствам. Асобнае месца належыць харам. Яны напісаны з добрым веданнем харавога пісьма. Тонкае выкарыстанне харавых рэгістраў і фарбаў дэманструе індывідуальны падыход да народнай інтанацыі. Для кампазітара важна і ўзнаўленне характэрных рыс фальклорнай інтанацыі, і строгае прытрымліванне прынцыпаў народна-песенных жанраў. Адсюль – вар’іраванне музычных цытат і свабоднае развіццё тэматызму, які захоўвае спецыфіку народна-песеннага стылю. Тонкае адчуванне інтанацыйнага штрыха, гукавога каларыту і маляўнічага спалучэння галасоў вызначае шматлікія апрацоўкі, якія выконваліся вядучымі калектывамі ў рэспубліцы і за яе межамі.

         Адначасова ствараліся рамансы і вакальныя дуэты на вершы М. Танка, П. Труса. У іх адлюстраваны душэўныя перажыванні, пачуцці і эмоцыі. Глыбокая экспрэсія і паэтычнасць маюць сваім вытокам узнёслую лірыку рамантыкаў. Музычная мова вакальных мініяцюр адметна арганічным адзінствам слова і музыкі, але кампазітар аддае перавагу вакалу, падкрэсліваючы выразнасць меладычнага хараства.

         Перыяд 60-ых гадоў прыкметны стварэннем шэрагу камерна-інструментальных кампазіцый, у якіх увасоблены найбольш характэрныя рысы стылю: вастрыня і экспрэсіўнасць інтанацыйнай і гарманічнай мовы, поліфанійная насычанасць фактуры, дэталёвая апрацоўка музычнай тканіны. У стварэнні тэматызму, пераважна лірычнага характару, праступае цесная сувязь з беларускім меласам. Значны ўклад у камерную музыку ўнёс А. Багатыроў сваімі ансамблямі, якія ён пачаў пісаць яшчэ ў 40-ыя гады. З цягам часу яны ахапілі амаль усе інструменты аркестра, дэманструючы творчыя імкненні кампазітара. Вялікі інтарэс да камернай музыкі захаваўся і далей, абумовіў стварэнне п’ес для фартэпіяна, цымбалаў, фагота, тубы, альта. Менавіта ў камернай музыцы канчаткова сфарміраваліся індывідуальная творчая манера кампазітара і тыя рысы стылю, якія сталі тыповымі для твораў поздняга перыяду.

         Значным дасягненнем 60-ых гадоў з’явілася кантата "Беларускія песні", у якой арганічна спалучыліся ўсе мастацкія кампаненты і дзе праявілася ўся шматграннасць таленту творцы. Мастацкія дасягненні кампазітара вылучылі яго імя ў лік выдатнейшых майстроў беларускай музыкі.

         У 1968-ым годзе А. Багатырову было прысвоена ганаровае званне народнага артыста Беларусі, а ў 1969-ым за кантату "Беларускія песні" прысуджана Джяржаўная прэмія Беларусі.

         У 70-80-ыя гады А. Багатыроў – кіраўнік нацыянальнай кампазітарскай школы. Ён валодае індывідуальна-непаўторнай манерай пісьма, меладыйнай мовай з багаццем ладавых і гарманійных структур, што выходзяць з народных крыніц. Новыя творы гэтага перыду – кантаты "Малюнкі роднага краю", "Юбілейная", апрацоўкі беларускіх народных песень, камерная  музыка, а таксама араторыя "Бітва за Беларусь". Найбольш значны рэзананс атрымала араторыя "Бітва за Беларусь", якая напісана ў гонар Перамогі над гітлераўскай Германіяй. У ёй кампазітар развівае класічную традыцыю трактоўкі гэтага жанру з характэрнай для яго канфліктнасцю драматургіі, кантрастнасцю вобразных сфер. Драматызм зместу абумовіў напружанасць музычнага выказвання, звязанага з сімфанізацыяй жанру. Араторыя складаецца з 8 частак, якія паслядоўна адлюстроўваюць падзеі ваенных гадоў. Агульная драматургічная накіраванасць твора ўяўляе сабой рух ад індывідуальна-тыпавога да агульнага, заканамернага, ад подзвігу нацыянальных герояў да подзвігу ўсяго народа. Завяршае араторыю Харал Памяці. Твор з явіўся адным са значных дасягненняў беларускай музыкі на героіка-патрыятычную тэматыку. Ён увайшоў у рэпертуар канцэртаў, гучыць у праграмах Беларускага радыё.

         У адным з канцэртаў фестывалю "Мінская вясна – 88", а затым на пленуме Саюза кампазітараў прагучала кантата "Малюнкі роднага краю" – своеасаблівы лірычны гімн у гонар Беларусі. Музыка кантаты, прасякнута беларускай народна-песеннай інтанацыйнасцю, цеплынёй і выразным гукапісам, пацвердзіла мастацкі густ аўтара, тонкае каларыстычнае пачуццё, прафесійнае майстэрства.

         Мастацтва А. Багатырова з’явілася імпульсам для многіх напрамкаў і абумовіла шмат стылявых пластоў сучаснай беларускай музыкі. Яго оперы, кантаты, араторыі і хоры складаюць фундамент музычнай культуры Беларусі.

         А. Багатыроў – буйны педагог, які на працягу больш чым 50 гадоў вядзе клас кампазіцыі ў Беларускай акадэміі музыкі. Ён выхаваў цэлую плеяду беларускіх кампазітараў. Сярод вучняў А. Багатырова – народныя артысты СССР, народныя артысты Рэспублікі Беларусь, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі, лаўрэаты Дзяржаўных прэмій, лаўрэаты ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў – Я. Глебаў, І. Лучанок, Г. Вагнер, Ю. Семяняка, Дз. Смольскі, С. Картэс, А. Мдзівані, Р. Сурус, Э. Тырманд, У. Буднік, В. Войцік, У. Солтан, Л. Захлеўны, М. Літвін, Э. Казачкоў, А. Хадоска, П. Альхімовіч, Л. Мурашка і інш.

© Мдзівані Т.Г., Сергіенка Р.І. Кампазітары Беларусі. – Мн.: Беларусь, 1997. – С. 5-9.