• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выставка «Да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі»

Выставка «Да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі» Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу «Да 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі» (5.05.1819–4.06.1872)

5 мая споўнілася 200 гадоў з дня нараджэння аднаго з буйнейшых кампазітараў XIX стагоддзя Станіслава Манюшкі. Сын адзінай культурнай прасторы Польшчы, Беларусі і Літвы С. Манюшка ўнёс значны ўклад у станаўленне і развіццё сусветнага музычнага мастацтва. Яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць музычнай мовы, драматургічнае майстэрства твораў С. Манюшкі ставяць яго імя побач з Ф. Мендэльсонам, І. Брамсам, М. Глінкай. Вялікі кампазітар стварыў шматлікія творы ў розных жанрах. Сярод іх – кантаты, балеты, аперэты, сімфанічныя ўверцюры, фартэпіянныя пьесы, музыка да тэатральных пастановак. Але галоўнымі жанрамі творчасці С. Манюшкі з’яўляюцца опера і песня. Вышэйшае дасягненне кампазітара – опера “Галька”, пастаўленая ў 1848 г. у Вільні і праз 10 гадоў у Варшаве, стала першай нацыянальнай польскай операй. Музычная спадчына С. Манюшкі – адна з найцікавейшых з’яў у гісторыі сусветнага музычнага мастацтва. Постаць выдатнага кампазітара, дырыжора і педагога прываблівае даследчыкаў і выканаўцаў, яго музыка гучыць, яе слухаюць і вывучаюць. Дзейнасць С. Манюшкі да сённяшняга дня не страчвае сваёй актуальнасці.

На выставе прадстаўлены навуковыя, навукова-папулярныя і літаратурна-мастацкія выданні, мастацтвазнаўчыя і краязнаўчыя манаграфіі, артыкулы вядомых беларускіх, а таксама замежных даследчыкаў, нотныя выданні і гуказапісы музычных твораў С. Манюшкі.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 15 мая па 20 жніўня 2019 года.


все фотографии