• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: асоба і творчасць"

Выстава "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: асоба і творчасць"

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: асоба і творчасць", прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы і з нагоды 210-годдзя з дня нараджэння айчыннага пісьменніка і драматурга (04.02.1808–29.12.1884).

Міжнародны дзень роднай мовы штогод адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага. Беларуская мова прайшла працяглы і складаны шлях развіцця і заняла належнае месца сярод славянскіх моў. Высокі грамадскі статус беларускай мове надаў славуты дзеяч айчыннай культуры В. Дунін-Марцінкевіч. Ён асэнсаваў, што менавіта мова павінна стаць носьбітам нацыянальнай ідэі, крыніцай асветы і выхавання народа. Пісьменнік адным з першых многія свае творы пісаў на беларускай мове, якая ў яго час не толькі не мела афіцыйнага статуса, але і не была належным чынам распрацавана як мова мастацкай літаратуры. Значная роля належыць В. Дуніну-Марцінкевічу таксама і ў арганізацыі першага беларускага нацыянальнага тэатру сучаснага тыпу. Тэатр існаваў у 1840 – 50-я гг., ладзіў спектаклі пераважна ў фальварку Люцынка, а таксама ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Глуску і інш. Трупа складалася больш чым з 20 чалавек, у іх ліку сам пісьменнік, ягоныя дзве дачкі і сын, прадстаўнікі мінскай інтэлігенцыі. У спектаклях удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, меўся і аркестр. Ставіліся галоўным чынам п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча. У Мінску былі паказаны два спектаклі: "Рэкруцкі яўрэйскі набор" (1841) і "Сялянка" (1852). Музыку да "Сялянкі" (з 1994 г. пастаноўка ідзе ў тэатрах пад назвай "Ідылія") напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі з удзелам самога пісьменніка. У гэтым творы побач з драматычнымі дыялогамі і маналогамі шырока выкарыстоўваюцца арыі, дуэты, харавыя нумары, танцы. "Сялянка" лічыцца прынцыповай з’явай у станаўленні новай беларускай літаратуры: упершыню ў літаратурным творы сяляне гавораць па-беларуску. Опера была пастаўлена ў 1852 г., ролю Навума ў спектаклі выканаў сам В. Дунін-Марцінкевіч. Пасля першай жа пастаноўкі дзейнасць калектыву была забаронена ўладамі.

У 1850-я гг. упершыню ў Мінску выйшлі з друку паэтычныя зборнікі В. Дуніна-Марцінкевіча. Сярод іх – паэма "Гапон" (1855) – першы твор пісьменніка, створаны цалкам на беларускай мове. У 1859 г. ён пераклаў з польскай мовы на беларускую паэму А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш". Гэта быў першы ў свеце пераклад славутага твора на іншую славянскую мову. Забароненая цэнзурай паэма пабачыла свет толькі ў 1907 г. у пецярбургскім выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца". Вяршыняй творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча з’яўляюцца камедыі "Пінская шляхта" (1866) і "Залёты" (1870). Творы В. Дуніна-Марцінкевіча знайшлі ўвасабленне ў музыцы беларускіх кампазітараў. Паводле камедыі "Пінская шляхта" Г. Вагнэр стварыў оперу, а Р. Пукст напісаў музыку да драматычнай пастаноўкі. У. Кур’ян выканаў музычнае афармленне спектаклю "Ідылія" ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Песні на словы пісьменніка пісалі І. Лучанок, З. Яўтуховіч і інш.

На выставе прадстаўлены кнігі аб жыццёвым і творчым шляху В. Дуніна-Марцінкевіча, энцыклапедычныя і літаратурныя выданні, паэтычныя зборнікі, навуковыя часопісы, нотныя выданні асобных нумароў з оперы "Ідылія".

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 5 лютага па 1 сакавіка 2018 года.

СкачатьФотагалерэя

СкачатьІншыя выставы бібліятэкі

все фотографии