• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава да 70-годдзя У.В. Дарохіна

Выстава да 70-годдзя У.В. Дарохіна

Нотна-навуковая бібліятэка працягвае сэрыю тэматычных выстаў "Юбіляры Акадэміі" выставай, падрыхтаванай да 70-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Васільевіча Дарохіна – прафесара кафедры кампазіцыі, дацэнта, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1988).

Уладзімір Васільевіч Дарохін нарадзіўся ў г. Слонім Гродненскай вобласці 01.01.1948 года, скончыў Ленінградскую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі прафесара У.А. Успенскага (1973) і асістэнтуру-стажыроўку Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Д.Б. Смольскага (1984). У 1989–1997 гады – загадчык кафедры інструментоўкі, аранжыроўкі і чытання партытур, з 2013 года – прафесар кафедры кампазіцыі. Прадстаўнік сучаснай кампазітарскай школы У.В. Дарохін з’яўляецца аўтарам сімфоній, кантат, араторыі, балета, камерных інструментальных і вакальных твораў. Сюіта для камернага аркестра "Мемарыял", прысвечаная загінуўшым за вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, была адзначана дыпломам на XII Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве (1985). За сімфонію "Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць" кампазітар атрымаў I прэмію на Рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным 500-годдзю з дня нараджэння вялікага асветніка і гуманіста эпохі Адраджэння (1991).

У Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі – Акадэміі музыкі Уладзімір Васільевіч выкладае з 1989 года. Сярод яго вучняў – кампазітары В. Бабкоў, Г. Сасноўскі, Чэнь Хао, П. Якубчонак, М. Круглы, дырыжоры і выканаўцы П. Вандзілоўскі, В. Воліч, А. Лясун, Л. Рыдлеўская, В. Мішула і інш. Фундаментальны ўклад Уладзіміра Дарохіна ў сучасную педагогіку – стварэнне першага ў гісторыі беларускай музыкі дапаможніка "Основы композиции и импровизации" (2014). Творчыя дасягненні кампазітара і педагога адзначаны Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (1998, 2003), Ганаровай граматай Мінскага гарвыканкама (2007), нагрудным знакам "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" (2008).

На выставе прадстаўлены нотныя выданні, рукапісы і аўдыёзапісы, якія даюць ўяўленне аб жанравай палітры твораў кампазітара. Значную частку экспазіцыі складаюць матэрыялы і даследаванні айчынных музыказнаўцаў пра творчасць У.В. Дарохіна, а таксама яго вучэбныя праграмы і публікацыі ў навуковых зборніках.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў вучэбным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) у каб. №  40 з 10 студзеня па 14 лютага 2018 года.

СкачатьФотагалерэя

 СкачатьІншыя выставы бібліятэкі

все фотографии