Ансамбль цымбалістаў
Ідэя аб'яднання вучняў свайго класа ў ансамбль «Усмешка» належыць Ляўковіч Ларысе Мікалаеўне, якая з 1995 года з'яўляецца яго кіраўніком, прадзюсерам і аўтарам усіх творчых знаходак і большасці інструментовак.
Ансамбль унікальны не толькі таму, што прадстаўлены рэдкімі, экзатычнымі музычнымі інструментамі, на якіх дзяўчынкі віртуозна іграюць і спяваюць на 3-х мовах, а яшчэ і таму, што, як пішуць італьянскія і нямецкія газеты, «многія знакамітыя аркестры свету маглі б пазайздросціць рэпертуару, які ансамбль «Усмешка» прапаноўвае сваім слухачам, выконваючы ўсе музычныя творы на памяць».
Складаецца калектыў з 9 дзяўчынак (9-18 год), сярод якіх 6 лаўрэатаў міжнародных конкурсаў і 1 дыпламант.
Рэпертуар шырокі (каля 80 твораў) і разнастайны: класічная, духоўная, руская музыка, джаз, а таксама песні і танцы народаў свету.
Ансамбль «Усмешка» — лаўрэат некалькіх міжнародных конкурсаў, уладальнік Гран-Пры (2001г.) у Польшчы.
За час існавання больш за 160 разоў выступіў з канцэртамі ў Расіі, Казахстане, Літве, Германіі, Францыі, Італіі, мае 3 CD, выпушчаных у Германіі і Італіі.
13 снежня 2000 года адбылася асабістая аўдыенцыя ў Папы Рымскага Іагана Паўла ІІ, які высока ацаніў дзяцей і пажадаў ім далейшых творчых поспехаў.
Мы хочам супрацоўнічаць з усімі краінамі свету і такім чынам узбагачаць і прапагандаваць нашу культуру.