Старонкі
гісторыі
Рэспубліканскі
музычны каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі... У самой назве,
за кожным словам – цэлая гісторыя. Гісторыя даўжынёю ў 70 год.
У 2005 г.,
у пару свайго найярчэйшага росквіту, музычны каледж, унікальная навучальная
ўстанова Беларусі, святкуе свой юбілей.
Каледж – гэта
царства музыкі і вечнай прыгажосці. Гэта – беларуская выканальніцкая школа і
бліскучая плеяда педагогаў, самім лёсам прызваных выконваць вялікую
Настаўніцкую Місію. Каледж – гэта сузор’е заваяваўшых сусветнае прызнанне
лаўрэатаў нацыянальных і міжнародных конкурсаў. Са сцен каледжа выйшлі
выдатныя салісты, канцэртмайстры, педагогі, арганісты, дырыжоры,
стваральнікі і мастацкія кіраўнікі творчых калектываў.
Выпускнікі
каледжа плённа працуюць у нашай краіне і за мяжой. Э. Міянсараў, лаўрэат I
Міжнароднага конкурса імя П.І. Чайкоўскага, саліст Маскоўскай філармоніі;
І. Алоўнікаў, народны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар, вядучы саліст
Беларускай дзяржаўнай філармоніі; Ю. Стэфановіч, канцэртмайстар Дзяржаўнага
акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь; А. Подаў,
канцэртмайстар Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь;
В. Хандрас, артыст аркестра «Віртуозы Масквы» (Расія); А. Рылатка,
канцэртмайстар аркестра Вашынгтонскай оперы; Г. Сафонаў, рэгент хора
Рэзідэнцыі Патрыярха Маскоўскага і Усея Русі.
Шырока вядомы
сёння Канцэртны аркестр каледжа (мастацкі кіраўнік Заслужаны артыст
Рэспублікі Беларусь Уладзімір Перлін), ансамбль цымбалістаў «Усмешка»
(мастацкі кіраўнік Ларыса Ляўковіч), Узорны канцэртны хор «Спяваючыя музыкі»
(мастацкі кіраўнік Ала Мазурава), Капэла хлопчыкаў (мастацкі кіраўнік
Уладзімір Глушакоў).
Сярод
выпускнікоў каледжа больш за 500 лаўрэатаў нацыянальных і міжнародных
конкурсаў выканаўцаў. Большасць з іх пачалі ўзыход па ступенях запаветнай
конкурснай лесвіцы яшчэ ў перыяд вучобы ў каледжы.
Каледж мае
сваю біяграфію і ўсталяваныя звычаі. У яго свае законы, свой «творчы
кодэкс», па якім будуецца ўсё шматкаляровае і разнастайнае жыццё: заняткі па
спецыяльнасці і агульнаадукацыйным прадметам, факультатывы, рэпетыцыі,
канцэрты, «капуснікі», гульня ў настольны тэніс у 10 рук, захапляючыя
паходы, наведванне тэатраў, музеяў.
Дзень
нараджэння каледжа – 15 кастрычніка 1935 г. У гэты дзень практычна быў
заложаны фундамент многіх будучых поспехаў нацыянальнай музычнай культуры.
Спачатку было
створана дзіцячае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі з
аддзяленнямі фартэпіяна, скрыпкі і віяланчэлі, а заняткі праходзілі толькі
па спецыяльных дысцыплінах. У 1947 г. дзіцячае аддзяленне было пераўтворана
ў Рэспубліканскую музычную школу-дзесяцігодку, у якой былі адкрыты новыя
аддзяленні: народнае, духавое; пазней – тэарэтычнае і дырыжорска-харавое. У
праграму навучання ўвайшлі і музычныя, і агульнаадукацыйныя прадметы.
Школа яшчэ тры
разы зменіць сваю назву: Сярэдняя спецыяльная музычная школа пры Беларускай
дзяржаўнай кансерваторыі (скарочана ССМШ пры БДК), Рэспубліканскі ліцэй пры
Беларускай акадэміі музыкі і Рэспубліканскі музычны каледж пры Беларускай
дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Дырэктарам
навучальнай установы з дня яе адкрыцця і на працягу амаль 40 гадоў быў
Ізраіль Рыгоравіч Герман. Энергічны, мэтанакіраваны чалавек велізарнай волі
і працаздольнасці, ён пачаў смела ператвараць у жыццё мару: стварыць у
Беларусі школу для адораных дзяцей, падобную да тых, што існавалі ў Маскве,
Ленінградзе, Адэсе. Ізраіль Рыгоравіч быў перакананы, што дзеці Беларусі
павінны атрымаць рознабаковую музычную адукацыю. Каб стварыць асобую творчую
атмасферу, ён запрасіў у школу выдатных музыкантаў, прафесараў
кансерваторыі: Р. Шаршэўскага, А. Бяссмертнага, А. Клумава, Г. Пятрова,
А. Амітона, М. Бергера, А. Віўена, А. Стагорскага, І. Цвятаеву.
Ізраіль
Рыгоравіч ствараў школу будучых талентаў, ён стараўся разумець характары
дзяцей, дапамагаў раскрыцца таленту кожнага юнага музыканта. Школа стала
справай усяго яго жыцця, яго домам і сям’ёй.
Немагчыма
ахапіць усё важнае і значнае, што звязана з гэтым выдатным
педагогам-выхавальнікам, Дырэктарам з вялікай літары. І.Р. Герман быў
строгім і добрым адначасова – менавіта такой бывае любоў бацькі да сваіх
дзяцей. Толькі ён мог у час зімовых канікулаў паехаць з выпускным класам у
Маскву, каб вучні змаглі пабываць на навагодняй ёлцы у Калонным зале Дома
Саюзаў, на спектаклях Вялікага тэатра, у Трэццякоўскай галерэі. Гэта пры яго
непасрэднай дапамозе і падтрымцы ў школе адбыўся грандыёзны касцюміраваны
навагодні баль, дзе галоўнай госцяй юных музыкантаў была легендарная
спявачка, народная артыстка СССР Л.П. Александроўская.
І.Р. Герман –
чалавек «угаданага лёсу»: ён займаўся справай, якая была яму загадана небам.
Дзякуючы яго старанням ідэя стварэння школы для адораных дзяцей не толькі
поўнасцю апраўдала сябе, але і перасягнула ўсе самыя смелыя спадзяванні.
Таму можна смела сказаць, што Ізраіль Рыгоравіч – чалавек па-за гісторыяй,
ён над ёю...
У наступныя
гады школу ўзначальвалі: В.Г. Чарныш, В.І. Башура, В.А. Рэянт, А.А. Мукалаў,
кожны з якіх прыўнёс у работу навучальнай установы свае творчыя ўяўленні,
прафесіянальныя імкненні і новыя ідэі.
На
працягу 15 гадоў (1989–2004) каледж узначальваў Уладзімір Міхайлавіч
Кузменка – выпускнік школы, чалавек рознабаковых здольнасцей, у якім з
дзіўнай натуральнасцю спалучаліся талент арганізатара, кіраўніка і яркая
творчая асоба. Піяніст, ансамбліст, канцэртмайстар, педагог, загадчык
фартэпіяннага аддзялення, грамадскі дзеяч (старшыня Мінскага гарадскога
аддзялення Беларускага саюза музычных дзеячаў). Ён быў першым дырэктарам,
выбраным педагагічным калектывам школы.
У.М. Кузменка
не проста захоўваў дастойныя традыцыі, але і стаяў ля вытокаў розных
пачынанняў. Гэта з яго «лёгкай рукі» ў дзень нараджэння каледжа праходзіць
свята «Пасвячэнне ў прафесіяналы» вучняў 10-х класаў. Рытуал прыгожы і
сімвалічны! Гэта ён, дырэктар і музыкант, садзейнічаў адраджэнню актыўнага
творчага жыцця Капэлы хлопчыкаў, усяляк падтрымліваў таленавіты калектыў
Канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам У. Перліна.
Уладзімір
Міхайлавіч часта паўтараў: «Недастаткова таленту: неабходна стварыць умовы
для працы. Без іх цяжка марыць аб поспеху». Будучае пацвердзіла праўдзівасць
гэтых слоў. У.М. Кузменка ўсё рабіў з захапленнем, адчуваў смак жыцця,
радаваўся яго гукам, фарбам, мелодыям. Шчодры, добры, ён з лёгкасцю
ахвяраваў асабістымі інтарэсамі дзеля інтарэсаў сваіх юных калег і радаваўся
кожнаму іх поспеху.
Уладзіміра
Міхайлавіча аднолькава любілі і педагогі, і вучні каледжа. У лютым 2004 г.
ён яшчэ паспеў бліскуча правесці традыцыйны «Вечар сустрэчы выпускнікоў», і
зрабіў гэта, як заўсёды, артыстычна, інтэлігентна, дасціпна. Светлая асоба,
цудоўны чалавек, У.М. Кузменка пакінуў роднаму каледжу сваю запаведзь:
«Вучыцесь быць шчаслівымі!»
Каледж сёння –
гэта жывы, дынамічны арганізм, які творча развіваецца. У яго сценах
адбываецца артыстычнае і асобаснае станаўленне юных музыкантаў. Яны
прыходзяць сюды наіўнымі дзяцьмі, а заканчваюць вучобу сапраўднымі
прафесіяналамі. Складаны, але захапляючы працэс нараджэння музыканта ўключае
ў сябе выхаванне культуры пачуццяў, мастацкіх і музычных густаў. Гэта
робіцца магчымым дзякуючы цудоўным педагогам, дастойным настаўнікам,
майстрам сваёй прафесіі, якія беражліва, умела і разам з тым мэтанакіравана
фарміруюць новыя творчыя індывідуальнасці. І якое шчасце для педагогаў
выхоўваць талент!
Педагогі
каледжа валодаюць майстэрствам захапляць, зацікаўліваць, раскрываць свет па
законах прыгажосці. Яны імкнуцца не толькі вучыць, але і выхоўваць у дзецях
творчую самастойнасць, падтрымліваючы іх фантазію, вучаць шукаць свае шляхі
ў мастацтве. А ў вучняў, у сваю чаргу, з’яўляецца такое неабходнае для
сапраўднай творчасці ўсведамленне, што ім давяраюць і ад іх чакаюць
максімальнай рэалізацыі ўсіх здольнасцей. Музыка ж для іх не проста род
заняткаў, не толькі прафесія, але і сэнс існавання. Нярэдка ігра маладых
музыкантаў становіцца мастацкай з’явай асобага парадку, ігрой, якая ўражвае
неадпаведнасцю паміж дзіцячым выглядам і глыбінёй спасціжэння сутнасці таго,
што выконваецца. Невыпадкова аб выхаванцах каледжа справядліва адзываюцца як
аб музыкантах «выдатнай прафесіянальнай школы».
Маладыя
музыканты і іх педагогі праходзяць самы сур’ёзны і непрадузяты экзамен –
выпрабаванне жыццём. Шматлікія перамогі, трыумфы, поспехі выпускнікоў у
розных галінах – усё пацвярджае думку аб тым, што ў каледжы працуюць
настаўнікі сапраўды высокага класа.
Станаўленне
беларускай музычнай школы праходзіла на фоне найярчэйшых поспехаў савецкага
выканальніцкага мастацтва. У свеце заўсёды было шмат выдатных музыкантаў,
таму перад прадстаўнікамі нацыянальнай школы стаяла задача знайсці і заняць
сярод іх сваё дастойнае месца.
Сёння
Рэспубліканскі музычны каледж – адна з самых прафесіянальных навучальных
устаноў Еўропы. Юныя музыканты могуць выбраць любое са шматлікіх
аддзяленняў: фартэпіяннае, струннае, тэарэтычнае, харавое, народных і
духавых інструментаў. У кожнага з іх ёсць свае вытокі і гісторыя. Музычная
радаслоўная каледжа сваімі каранямі ўваходзіць у Маскоўскую і Пецярбургскую
выканальніцкія школы.
Іна Зубрыч
(Буклет "Рэспубліканскі музычны каледж",
2005 г.)