Творчыя калектывы

Галоўная Агляд сайта

 

horizontal rule

ТВОРЧЫЯ  СТУДЭНЦКІЯ КАЛЕКТЫВЫ

СІМФАНІЧНЫ АРКЕСТР «МАЛАДАЯ БЕЛАРУСЬ»

Мастацкі кіраўнік – народны артыст Беларусі, прафесар М.А. Казінец

Сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі заўсёды займаў асаблівае месца ў творчым жыцці гэтай навучальнай установы. На ягонай базе прафесійную падрыхтоўку прайшла вялікая колькасць музыкантаў, якія штогод папаўнялі i папаўняюць аркестравыя калектывы Беларусі і замежных краін. У розныя часы аркестрам кіравалі таленавітыя дырыжоры П. Кірыльчанка, В. Мнацаканаў, А. Лапуноў, М. Калядка, П. Вандзілоўскі, М. Aнiciмaў i інш. Сімфанічны аркестр «Маладая Беларусь» атрымаў сваё імя ў 1992 г. 3 гэтага часу калектывам кіруе Mixaiл Казінец. Пра яго музычныя прыярытэты i творчае крэда можна меркаваць паводле сачыненняў, якія складаюць рэпертуар аркестра. Сярод ix месы i араторыі І.С. Баха, сімфанічныя творы В.А. Моцарта, Л. Бетховена, І. Брамса, Ц. Франка, Г. Берліёза, К. Дэбюсі, М. Равэля, Ж. Бізэ, Дж. Расіні, І. Штрауса; руская класіка прадстаўлена творамі П. Чайкоускага, М. Мусаргскага, А. Барадзіна, С. Рахманінава, Дз. Шастаковіча, С. Пракоф'ева i інш. У музычных праграмах шырока прадстаўляюцца творы беларускіх аўтараў – мэтраў беларускай кампазітарскай школы А. Багатырова, Я. Глебава, Дз. Смольскага, А. Мдзівані, Г. Гарэлавай i інш. Аркестр гастраляваў па розных гарадах Італіі, Бельгіі, яго з захапленнем прымалі на востраве Рэюньён (прэфектура Францыі). З 1994 г. аркестр рэгулярна выступае на музычных фестывалях Францыі («Лета Вялікага Саду»), Германіі («Навагоднія музычныя вечары», Вагнераўскі фестываль у г. Байройце), штогод дае цыкл канцэртаў у зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў г. Мінску i розных гарадах Беларусі – Брэсце, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Вілейцы. Плённым і цікавым сталася супрацоўніцтва аркестра з музыкантамі Германіі, Францыі, Расіі, Турцыі, дырыжорамі Георгам Майсам (Германія) i Жан-Мари Кенонам (Францыя), выканаўцамі Аркадзем Валадосем (барытон), Франсуа Шато (флейта), Філіпам Беро (кларнет), Югам Леклерам (фартэпіяна) i інш. 3 аркестрам выступалі выкладчыкі i студэнты Акадэміі музыкі: народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў, заслужаны артыст Беларусі, прафесар Уладзімір Будкевіч, в.а. прафесара Валерый Шацкі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Андрэй Паначэўны, Андрэй Сікорскі, Канстанцін Красніцкі, Любоў Янпольская i інш.

   

АРКЕСТР ДУХАВЫХ ІНСТРУМЕНТАЎ «ФАНФАРЫ БЕЛАРУСІ»

Мастацкі кіраўнік – народны артыст Беларусі М.І. Берсан

Аркестр духавых інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі «Фанфары Беларусі» створаны ў 1994 г. 3 гэтага часу i да ліпеня 2001 г. яго мастацкім кіраўніком i дырыжорам быў прафесар А. Берын. Мастацкімі кіраўнікамі аркестра пазней былі заслужаны артыст Беларусі, дацэнт Б. Чудакоў, В. Бабарікін. Аркестр духавых інструментаў — лаўрэат міжнародных конкурсаў i фестываляў (Беларусь, Украіна, Люксембург). У Люксембургу калектыў быў ганараваны найвышэйшай узнагародай – Гран-пры. Ён неаднаразова гастраляваў па Еўропе, запісаў i выпусціў два кампакт-дыскі. У рэпертуары аркестра – творы І.С. Баха, Г. Пёрсела, А. Вівальдзі, Р. Вагнера, Э. Грыга. Руская класіка прадстаўлена шэдэўрамі М. Глінкі, П. Чайкоўскага, М. Рымскага-Корсакава, М. Мусаргскага. Вартае месца ў канцэртных праграмах аркестра займаюць творы беларускіх кампазітараў Я. Глебава, Дз. Смольскага, І. Лучанка, а таксама прадстаўнікоў маладзейшага пакалення – Л. Захлеўнага і А. Літвіноўскага. Аркестр таксама звяртаецца да творчасці сучасных замежных aўтapaў – Паўла Станэка (Чэхія),  – Кеса Флака (Галандыя), Бернарда Бернстайна і Джэка Стампа (ЗША )i іншых. 

 

APKЕCTP  РУСКІХ  НАРОДНЫХ ІНСТРУМЕНТАЎ

Мастацкі кіраўнік – дацэнт С.І. Кафанаў

Афіцыйная дата стварэння калектыву – люты 1954 г. Арганізатарам аркестра быў вядомы музыкант Г. Жыхараў, які ўзначальваў аркестр да 1973 г. У 1957 г. аркестр стаў лаўрэатам Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у г. Маскве. У 1973–1974 гг. аркестрам дырыжыраваў М. Прашко, а з 1974 г. да сённяшняга дня – дацэнт С. Кафанаў. У шырокім i разнастайным рэпертуары калектыву – арыгінальныя творы рускіх i заходнееўрапейскіх кампазітараў. Цікава, своеасабліва i каларытна гучаць у выкананні аркестра творы М. Рымскага-Корсакава, А. Лядава, А. Скрабіна, Г. Малера, К. Дэбюсі, Б. Брытэна. Значнае месца ў рэпертуары аркестра займаюць творы беларускіх кампазітараў – Дз. Смольскага, А. Мдзівані, В. Іванова, В. Малых. У якасці салістаў з аркестрам выступалі і выступаюць вядомыя беларускія спевакі i інструменталісты Я. Гладкоў, В. Скорабагатаў, В. Цішына, Л. Рыдлеўская, М. Марэцкі i інш. Багатае i насычанае творчае жыццё калектыву. 

 

АРКЕСТР БЕЛАРУСКІХ НАРОДНЫХ ІНСТРУМЕНТАЎ

Мастацкі кіраўнік – А.I. Высоцкі.

Беларускі народны аркестр – гэта непаўторная з'ява нацыянальнай музычнай культуры, ля вытокаў якой стаяў народны артыст СССР, прафесар І. Жыновіч. Беларускі народны аркестр Акадэміі музыкі мае дастаткова доўгую i багатую гісторыю свайго развіцця. Яго ўзначальвалі вядомыя ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі дырыжоры і педагогі Я. Гладкоў, Г. Ермачэнкаў, П. Вандзілоўскі, В. Валатковіч. У наступны час музычным кіраўніком калектыву з'яўляецца А. Высоцкі. Выступленні ў зале Белдзяржфілармоніі, запісы музычных праграм у Белтэлерадыёкампаніі – сведчанне высокага творчага ўзроўня калектыву. Аркестр атрымаў шырокую вядомасць у аматараў народнай інструментальнай музыкі. Ён пастаянна прымае ўдзел у цыкле Акадэіі музыкі «Парад аркестраў», фестывалях, розных грамадскіх акцыях, такіх, напрыклад, як «Чырвоная ружа». Рэпертуар аркестра надзвычай разнастайны. У яго ўваходзяць творы беларускіх кампазітараў, у тым ліку музычныя прэм'еры Г. Ермачэнкава, В. Кузняцова, В. Войціка, У. Каральчука, М. Літвіна i інш. Асаблівае месца займаюць шэдэўры сусветнай музычнай класікі i арыгінальныя апрацоўкі беларускага музычнага фальклору.

 

КАМЕРНЫ АРКЕСТР «GRADUS AD PARNASSUM»

Мастацкі кіраўнік – дацэнт П.В. Вандзілоўскі

Камерны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі арганізаваны ў 1969 г. Яго першым кіраўніком быў в.а. прафесара В. Зяленін. У 1990-х гг. аркестрам кіраваў В. Сарока. 3 1999 г. аркестрам, які атрымаў назву  «Gradus ad Parnassum», кіруе загадчык кафедры аркестравага дырыжыравання П. Вандзілоўскі. Аркестр праводзіць пастаянную канцэртную дзейнасць, выступае ў розных рэгіёнах Беларусі i па-за мяжой. Камерны аркестр з'яўляецца ўдзельнікам шматлікіх музычных фестываляў, яго запрашаюць для выступленняў у святочных i ўрадавых мерапрыемствах, на яго базе праводзяцца дырыжорскія майстар-класы ў Італіі. Аркестр мае свае фондавыя запісы. У 2001 г. выйшаў першы кампакт-дыск гэтага калектыву з запісамі музыкі І.С. Баха, Ф. Хофмайстара, В. Моцарта i С. Рахманінава. Вялікі канцэртны рэпертуар калектыву складаецца з твораў розных эпох — ад барока да авангарду. Выкананню аркестра ўласціва стылёвая дакладнасць, дынамічная выразнасць, тэхнічнай дасканаласць. У яго рэпертуары такія творы, як «Серэнада для струннага аркестра» П. Чайкоўскага, «Серэнада» А. Дворжака, Сімфонія № 2 А. Анэгера, «Простая сімфонія» Б. Брытэна і інш..

 

КАНЦЭРТНЫ ХОР

Мастацкі кіраўнік – старшы выкладчык І.М. Бадзяка

Як канцэртная адзінка Канцэртны хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўпершыню прыняў удзел у Першым міжнародным конкурсе музычных вышэйшых навучальных устаноў краін СНД i Еўропы ў 1995 г. (г. Кішынёў, Малдова), дзе атрымаў Гран-пры. У 1997 г. хор атрымаў Гран-пры на Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі ў г. Гайнаўцы (Польшча) i Оскара на II-iм Міжнародным конкурсе хароў у г. Дармштадте (ФРГ). На гэтым самым конкурсе ў Германіі хор атрымаў тры залатыя дыпломы ў намінацыях «мужчынскі», «царкоўны» i «змешаны хор», а на ІХ Міжнародным фестывалі «Магутны Божа» (г. Магілёў, Беларусь, 2001) Гран-пры. Апошнімі гадамі хор выканаў шэраг буйных вакальна-сімфанічных твораў, такіх як «Магніфікат» і «Страсці па Іаану» I.С. Баха, Меса до-мінор В. Моцарта, 9-я сімфонія Л. Бетховена,  «Калядная казка» Г. Шутца, 13-я сімфонія Дз. Шастаковіча (мужчынскі хор) і інш. Студэнцкі канцэртны хор неаднаразова выступаў у Польшчы, Iталіі, Германіі. Нязменным мастацкім i творчым кіраўніком хору да дня канчыны з'яўлялся прафесар В.У. Роўда (1921–2007). У наступны час кіруе хорам І.М. Бадзяка.

 

АНСАМБЛЬ ТРУБАЧОЎ «ІНТРАДА»

Мастацкі кіраўнік – кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар М.М. Волкаў

Ансамбль «Інтрада» быў створаны ў 1999 г. прафесарам Акадэміі музыкі Мікалаем Міхайлавічам Волкавым. Выхаванец Маскоўскай кансерваторыі, захоўваючы і развіваючы яе традыцыі ігры на духавых інструментах, Волкаў у сваёй творчасці ўзбагаціў рускую школу выканальніцтва, надаўшы ёй своеасаблівасць і непаўторнасць. Так у адной рацэ зліліся два істокі – рускі і беларускі, сцвярджаючы роднаснасць і неразрыўнасць славянскіх культур. Створаны ім ансамбль «Інтрада» бліскуча дэбютаваў на Міжнародным конкурсе камерных ансамбляў ў г. Смаргоні (Беларусь, I прэмія). Лаўрэатства ў Пралоге Міжнародных Брасс-ігр (г. Ульянаўск, Расія, 2001 г.) паставіла «Інтраду» у лік лепшых духавых ансамбляў Усходняй Еўропы. У першы састаў ансамбля трубачоў ўвайшлі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, таленавітыя вучні Волкава: С. Петрашкевіч, Дз. Трафімовіч, Я. Ляттэ, Дз. Макарэвіч, А. Антановіч і адзіная дзяўчына – канцэртмайстар К. Ракуць. Усе яны лаўрэаты і дыпламанты розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, што абяцае слухачам многа нечаканых адкрыццяў.

 

АНСАМБЛЬ ФЛЕЙТЫСТАЎ «СІРЫНКС»

Мастацкі кіраўнік – дацэнт Н.В. Аўраменка

Ансамбль флейтыстаў «Сірынкс» быў створаны Нінай Васільеўнай Аўраменка ў 1980 г. Мэтай педагога было прывіць сваім вучням навык слухаць адзін аднаго, навучыць іх іграць у ансамблі. Ішлі годы, мяняўся рэпертуар ансамбля, на змену адным вучням прыходзілі другія, але нязменнымі заставаліся іх прафесійныя адносіны да справы. Ансамбль шмат канцэртаваў, у якіх дастаўлял радасць слухачам сваёй неардынарнасцю і той вялікай любоў’ю, з якой удзельнікі ансамбля выконвалі музыку розных часоў і стыляў. У 1993 г. ансамбль «Сірынкс» стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу выканаўцаў камернай музыкі (г. Хмяльніцкі, Украіна), прымал удзел у фестывалях «Eurotreff Musik» в г. Бюль-Бадэне (Германія, 1995), у г. Бельфоры (Францыя, 1998, 2000, 2004, 2006) і інш. Ансамбль пастаянна дае канцэрты ў самых розных кутках Беларусі. З яго творчасцю знаёмы слухачы ў Люксембургу, дзе ансамбль канцэртаваў у 1999 г., а таксама ў многіх гарадах Еўропы, сярод якіх г. Санкт-Пецярбург і г. Масква (Расія), г. Кіеў, г. Харкаў і г. Адэса (Украіна), г. Каунас і г. Вільнюс (Літва), г. Варшава (Польшча), г. Цюбінген і г. Дортмунд (Германія).  Сёння гэты ансамбль складаецца з маладых таленавітых музыкантаў – студэнтаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

 

Актэт драўляных духавых інструментаў

Мастацкі кіраўнік – заслужаны артыст РБ, доктар мастацтвазнаўства (РФ), прафесар Б.У. Ничкоў

Актэт драўляных духавых інструментаў (2 флейты, 2 габоя, 2 кларнета і 2 фагота) быў арганізаваны ў 1993 г. пад кіраўніцтвам заслужанага артыста РБ, прафесара Барыса Нічкова сумесна з народным артыстам Беларусі, галоўным дырыжорам Дзяржаўнага канцэртнага аркестра РБ прафесарам Міхаілам Фінбергам. Актэт увайшоў у састаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра РБ. Сярод удзельнікаў ансамбля – заслужаны артыст РБ, прафесар Уладзімір Будкевіч, дацэнт Іван Брычыкаў, студэнты і выпускнікі Акадэміі. З 1998 г. калектывам кіруюць Барыс Нічкоў і дацэнт Генрых Гедыльтэр (аўтар амаль усіх інструментовак). Актэт з’яўляецца ініцыятарам правядзення фестываляў камернай музыкі ў Нясвіжы (Беларусь). Ансамбль удзельнічаў у 40 міжнародных фестывалях, з’яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў у Роўна (Украіна) і Смаргоні (Беларусь). Актэт актыўна канцэртуе ў Беларусі і за межамі, выступае на радыё і тэлебачанні, запісвае кампакт-дыскі (у тым ліку два – у ЗША).