|
|
|
|
Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі – цэнтр айчыннага музыказнаўства
Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі з'яўляецца адзінай у краіне навуковай установай, у якой праводзяцца фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследванні па ўсіх накірунках сучаснага музыказнаўства, музычнай адукацыі і методыкі выкладання музычных дысцыплін. Акадэмія музыкі прымае ўдзел у распрацоўцы рэспубліканскай комплекснай праграмы «Культура» і іншых праграм фундаментальных даследаванняў. Перспектыўны план навукова-даследчых і метадычных работ уключае фундаментальныя даследаванні па праблемах сучаснага музыказнаўства (гісторыі, тэорыі музыкі і этнамузыкалогіі), музычнай педагогікі, эстэтыкі (філасофіі музыкі), падрыхтоўку манаграфій, зборнікаў навуковых артыкулаў, слоўнікаў, падручнікаў, метадычных дапаможнікаў, метадычных распрацовак, нотных выданняў, вучэбных праграм.
Навуковы сектар Акадэміі ўключае 6 навуковых кафедр, Праблемную навукова-даследчую лабораторыю музыкі (ПНДЛМ), два часовыя навуковыя калектывы праграмы «Культура», рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, цэнтр навуковай інфармацыі з выхадам ў INTERNET, аспірантуру і дактарантуру. У 1996 г. ўпершыню ў гісторыі беларускай вышэйшай музычнай школы ў Акадэміі музыкі створаны савет па абароне дысертацый на атрыманне вучонай ступені кандыдата (з 2001 г. – доктара) мастацтвазнаўства па спецыяльнасці «музычнае мастацтва» (старшыня савета – прафесар В. Яканюк). У савеце паспяхова абаронены кандыдатскія и доктарския дысертацыи па актуальных праблемах сучаснага музыказнаўства. Змястоўныя вынікі навукова-даследчай дзейнасці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі знайшлі сваё адлюстраванне ў навуковых і метадычных публікацыях. Толькі за 1996–2002 гг. выкладчыкамі Акадэміі музыкі апублікавана навуковых, метадычных, нотных і іншых выданняў аб'ёмам каля 1000 друкаваных аркушаў. Сярод найбольш буйных і значных выданняў апошняга перыяду – манаграфіі і вучэбныя дапаможнікі, нотныя выданні.
Істотным укладам у развіццё айчыннай гуманітарнай навукі з'яўляецца правядзенне на базе Акадэміі музыкі міжнародных і рэспубліканскіх каферэнцый, а таксама ўдзел выкладчыкаў Акадэміі ў міжнародных навуковых канферэнцыях. Вялікую ролю для асэнсавання задач далейшага развіцця музычнай адукацыі ў рэспубліцы адыграла міжнародная канферэнцыя «Музычная адукацыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне» (1993). Прыкметнай з'явай у развіцці айчыннага музыказнаўства сталі традыцыйныя штогадовыя навуковыя чытанні памяці Л.С.Мухарынскай, правядзенне якіх дазволіла забяспечыць трывалую навукова–практычную базу для арганізацыі буйной міжнароднай навуковай канферэнцыі «Славянская этнамузыкалогія: Накірункі. Метады. Канцэпцыі» (1996). Вялікі рэзананс атрымалі міжнародныя канферэнцыі «Традыцыі нацыянальных фартэпіянных школ Расіі, Беларусі і Украіны» (1997), якая правадзілася з удзелам трох рэгіянальных арганізацый EPTA (Міжнародная асацыяцыя піяністаў-педагогаў), а таксама міжнародныя каферэнцыі «Мастацкая адукацыя: Пераемнасць. Метадалогія. Дыдактыка» (1998), «Адвечныя каштоўнасці музыкі: да 250-годдзя з дня смерці І. С. Баха» (2000). Напярэдадні новага тысячагоддзя былі праведзены міжнародныя канферэнцыі «Беларусь і музычная спадчына ХХ стагоддзя: пошукі і здабыткі» (2001) і юбілейныя X навуковыя чытанні памяці Л. Мухарынскай «Музычная культура Беларусі: Гістарычны шлях. Кантакты» (2001). Усяго за апошняе пяцігоддзе выкладчыкамі Акадэміі музыкі падрыхтавана больш за 300 навуковых дакладаў, якія былі прадстаўлены на навуковых форумах у Беларусі, Расіі, на Украіне, а таксама ў Малдове, Літве, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Іспаніі, Францыі, ЗША, Індыі, на Кіпры і інш.
|
|
|
|