|
|
|
|
Сярод выпускнікоў першага выпуску кансерваторыі ў 1937 г. – А. Багатыроў, М. Крошнер, П. Падкавыраў, А. Папоў, В. Яфімаў (класс кампазіцыі прафесара В. Залатарова). У далейшым у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі сфарміравалася нацыянальная кампазітарская школа, сярод выдатных прадстаўнікоў якой – вядомыя беларускія кампазітары Л. Абеліёвіч, У. Алоўнікаў, А. Багатыроў, Г. Вагнер, Я. Глебаў, І. Лучанок, Ю. Семяняка, Э. Тырманд, Дз. Смольскі, А. Мдзівані і інш. Міжнароднае прызнанне атрымала нацыянальная выканальніцкая школа, вялікі ўклад у развіццё якой зрабілі М. Бергер, I . Цвятаева, Р. Шаршэўскі, У. Эпштэйн (фартэпіяна), М. Браценнікаў, М. Гальдштэйн, В. Гольдфельд (скрыпка), П. Кірыльчанка (альт), А. Стагорскі і Б. Скабло (віяланчэль), А. Херсонскі і І. Салодчанка (кантрабас), У. Харытонаў (флейта), Ю. Цёмкін (габой), П. Дзянісаў (труба), С. Асколкаў, Я. Вітынг, А. Арсбелі-Карынскі, М. Людвіг (спевы), М. Маслаў, В. Роўда (харавое дырыжыраване), І. Абраміс, І. Букрэеў, І. Гітгарц, В. Дуброўскі, В. Катаеў, І. Мусін, С. Ратнер, М. Шнэйдэрман (аркестровае дырыжыраванне), Э. Азарэвіч, І. Жыновіч, Г. Жыхараў (народныя інструменты) і інш. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі склалася навуковая школа сучаснага музыказнаўства, станаўленне якой звязана з імёнамі вядомых беларускіх музыказнаўцаў С. Нісневіч, Л. Мухарынскай, Г. Глушчанка.
У 2000 г. Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі нададзены статус вядучай навучальнай установы нацыянальнай сістэмы адукацыі ў сферы музычнага мастацтва. На факультэтах Акадэміі – фартэпіянным і кампазітарска-музыказнаўчым, аркестравым, вакальна-харавым і народных інструментаў, а таксама на педагагічным факультэце (г. Магілёў), – ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка спецыялістаў па ўсіх музычных спецыяльнасцях і спецыялізацыях, а таксама балетмайстраў на аддзяленні харэаграфіі. З 1995 г. распачата падрыхтоўка бакалаўраў і магістраў мастацтваў. На факультэце павышэння кваліфікацыі праводзіцца навучанне і перападрыхтоўка выкладчыкаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў мастацтва. У 2002 г. ў г. Брэсце і г. Гродна адкрыты філіялы кафедр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Арганізацыя падрыхтоўкі ў абласных цэнтрах краіны спецыялістаў з вышэйшай музычнай адукацыяй – гэта перспектыўны накірунак дзейнасці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця вышэйшай адукацыі у рэгіёнах Беларусі. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі – гэта нацыянальны цэнтр захавання і развіцця нацыянальных кампазітарскай і выканальніцкай школ, цэнтр беларускай музыказнаўчай навукі і музычнай педагогікі. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі – гэта вышэйшая музычная установа ў краіне, якая з'яўляецца базай падрыхтоўкі спецыялістаў музычнага мастацтва і забяспечвае высокі творчы ўзровень ўсіх вядучых прафесійных музычных калектываў краіны.
Падрабязна гісторыя і сучаснасць Акадэміі прадстаўлены на старонках навукова-тэарэтычнага часопіса «Весці (вып. 3)». - Мн., 2002. |
|
|
|