Гістарычная даведка.
У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
накірунак практычнай этнамузыкалогіі звязаны з вывучэннем сучаснага
стану народнай музычнай традыцыі Беларусі, запісам і нотнай
транскрыпцыяй узораў этнамузыкі, фона- и відэафіксацыяй аутэнтычных старажытных і
сучасных музычных фальклорных традыцый. Гэты напрамак (разам з
навукова-тэарэтычным, метадычным, папулярызатарскім) атрымаў сваё
ўсталяванне яшчэ ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі дзякуючы найперш
дзейнасці Л.С. Мухарынскай па арганізацыі палявых даследаванняў і
стварэнні спецыялізаванага фонда этнамузыкі (1950–1987 гг.).
Ён набыў
мэтанакіраваны працяг у рабоце
кабінета народнай музыкі (з
1982) і кафедры беларускай музыкі (з 1991).
У розныя гады кабінет узначальвалі Л.П. Касцюкавец, С.І. Мыцько, М.І. Казловіч. З 2000 г. на пасадзе загадчыка Кабінета этнамузыкі знаходзіцца
кандыдат мастацтвазнаўства Таццяна Леанідаўна Бярковіч. У цяперашні час у
кабінеце працуюць выпускнікі кафедры беларускай музыкі, метадысты:
кандыдат мастацтвазнаўства Васіліна Міхайлаўна Прыбылова, Лілія Фаільеўна Баранкевіч,
Кацярына Мікалаеўна. Крывашэйцава, Кацярына Аляксееўна Чарнова.
Структура і змест фондаў.
У цяперашні час у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі засяроджаны
найкаштоўны па сваім музычным змесце фонаархіў – спецыялізаваны
этнамузыкалагічны фоназбор, прадстаўлены ў 132 экспедыцыйных
фонакалекцыях (захоўваюцца пры кабінеце этнамузыкі). Вылучае яго
адзінства пазіцый фарміравання і метады сістэматыкі, якія адпавядаюць
стандартам вядучых еўрапейскіх цэнтраў этнамузыкалогіі.
Асноўную частку архіўных фондаў складаюць унікальныя па гістарычнай і
мастацкай каштоўнасці ўзоры аўтэнтычных песенных і інструментальных
гучанняў, зафіксаваныя ў палявых экспедыцыях БДАМ 1960–2000-х гг. У
колькасным дачыненні Фонаархіў этнамузыкі БДАМ выступае даволі буйным
фонасховішчам: аб’ём фонда экспедыцыйных фоназапісаў перавышае 1600
гадзін гучання і складае 1770 адзінак захоўвання на розных носьбітах.
Першая калекцыя палявых фоназапісаў датуецца 1969 г.
(экспедыцыя пад кіраўніцтвам Л.С. Мухарынскай),
першы збор нотна-тэкставых
транскрыпцый – 1956 г.
Экспедыцыйна-палявыя даследаванні.
Сярод форм
правядзення палявых даследаванняў Акадэміі музыкі значнае месца належыць
экспедыцыям ў рамках летняй практыкі студэнтаў музыказнаўчага і
кампазітарскага аддзяленняў. Іх вылучае суцэльнае, на аснове
рэкагнасцыровачных і паўторных выездаў, пераважна франтальным ахопе
аб'ектаў назірання, абследаванне беларускай этнічнай тэрыторыі.
Геаграфія экспедыцый ахоплівае большую частку сучаснай адміністратыўнай
тэрыторыі Беларусі, а таксама некаторыя сумежныя раёны Смаленскай,
Пскоўскай і Кіеўскай абласцей.
Кіраўнікамі студэнцкіх экспедыцый у розныя гады выступалі Л.С. Мухарынская,
Л.Н. Фёдараў,
Т.С. Якіменка,
Л.П. Касцюкавец,
І.Дз. Назіна, Т.С. Ляшчэня, Т.Л. Бярковіч,
М.І. Казловіч,
Т.Л. Канстанцінава,
В.М. Прыбылова,
К.М. Крывашэйцава. Спецыялізаваныя экспедыцыі, звязаныя з даследаваннем
музычнай традыцыі яўрэяў-ліцвакоў, праводзіліся Н.С. Сцяпанскай і
Дз.В. Сляповічам, экспедыцыі па вывучэнні беларускай народнай
інструментальнай культуры – І.Дз. Назіной.
Змест і вынікі экспедыцыйна-палявой работы этнамузыколагаў Акадэміі
музыкі, актуальныя пытанні фіксацыі, захоўвання, апрацоўкі і
сістэматызацыі фондаў этнамузыкі штогод асвятляюцца на старонках
перыядычнага выдання Студэнцкага навукова-творчага таварыства
"Веснік СНТТ Беларускай
дзяржаўнай акадэміі музыкі"
і ў шэрагу іншых выданняў.
Укараненне вынікаў экспедыцыйных даследаванняў.
Усе тэарэтычныя, навукова-практычныя, фонаграфічныя, аўдыёвізуальныя і
іншыя матэрыялы, атрыманыя ў ходзе этнамузыкалагічных даследаванняў
музычнай культуры Беларусі, укараняюцца ў вучэбны працэс.
Адзін з напрамкаў звязаны з распрацоўкай мультымедыйных праектаў.
У іх ліку – электронная база дадзеных па ўсім комплексе беларускай
масленічнай традыцыі (аўтар В. Прыбылова, вынікі апублікаваны ў выданні
"Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі",
2005, № 7);
web-старонкі
па матэрыялах экспедыцыі 2006 г.
ў Жлобінскі раён Гомельскай вобласці (аўтар К. Крывашэйцава),
мультымедыйная прэзентацыя матэрыялаў экспедыцый 2006–2007 вучэбнага
года (падрыхтавана кіраўнікамі экспедыцый В. Прыбыловай,
К. Крывашейцавай,
Т. Бярковіч
і праведзена ў рамках
ХVI
Навуковых чытанняў памяці
Л.С. Мухарынскай
27 красавіка 2007 г.).
Другім
напрамкам укаранення навукова сістэматызаваных матэрыялаў Фонаархіва
этнамузыкі выступіла ўкладанне фонакалекцый. Плёнам
аўтарскіх навукова-даследчых распрацовак выкладчыкаў і
аспірантаў-этнамузыколагаў кафедры беларускай музыкі, здзейсненага імі
руплівага адбору матэрыялаў Фонаархіва сталі фонакалекцыі на
кампакт-дысках, выданне якіх распачалося ў 2006 годзе ў межах серыі
"Аўдыёатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі" (каардынатар
праекта – Т. Бярковіч). Прэзентацыя новага аўдыёвыдання прайшла на
пленарным пасяджэнні ХVI
Навуковых чытанняў памяці пры
ўдзеле гераіні праекта – 80-гадовай Надзеі Адамаўны Швед, выступ якой
стаў яркай кульмінацыяй святочнага адкрыцця канферэнцыі.
"Музычныя
традыцыі Масленіцы Беларускага Падняпроўя" (аўтар-укладальнік
В. Прыбылова, рэстаўратар гуказапісаў С. Багданаў, дызайн – В. Прыбылова,
А. Далінін,
2006; працягласць гучання – 48’23”). У першай фонакалекцыі ў серыі
“Аўдыёатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі” адлюстраваны
новы падыход да раскрыцця этнакультурнага масіву
Верхняга Падняпроўя як шырокага па сваіх тэрытарыяльных межах, які
ўключае не толькі магілёўскае Падняпроўе, але і тэрыторыі
днепра-дзвінскага міжрэчча, а таксама сожска-бесядзь-іпуцкага вусця. У
калекцыі (26 нумароў) знайшлі адбітак асноўныя класы напеваў Масленіцы,
замацаваныя ў сістэме фальклорнага песеннага меласу Беларускага
Падняпроўя: пскоўска-смаленска-віцебскага,
чашніцка-аршанска-мсціслаўскага (
),
клімавіцка-хоцімскага (
)
і сожска-беседзь-іпуцкага (
) арэалаў. Дыск суправаджаецца буклетам, які
ўлучае змест, анатацыю на беларускай і англійскай мовах, мапу арэалаў
масленічных напеваў і транскрыпцыі асобных нумароў.
"Надзежда
Адамаўна Швед"
(аўтар-укладальнік
К. Крывашэйцава, рэстаўратар гуказапісаў С. Багданаў, дызайн
–
А. Прыбылоў, К. Крывашэйцава,
2007) – другая фонакалекцыя серыі, у якой
этнапесенная культура Беларускага Палесся (традыцыя вёскі Перароў
Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці) раскрываецца праз творчасць
аднаго з найталенавітых яе носьбітаў.
Адметнасць названай традыцыі яскрава
выявілася ва ўмовах жывога "дыялога культур" пад час экспедыцыйнага
запісу ў вёсцы Стоўпня Рагачоўскага раёна Гомельшчыны, у якім Надзея
Адамаўна ўдзельнічала разам з карэннымі жыхаркамі. Яна вылучалася на іх
фоне не толькі тэмбрам, інтанацыямі маўлення, багатым і разнастайным
песенным рэпертуарам, але перш за ўсё сваім жывым, яркім тэмпераментам і
нястрымным жаданнем спяваць.
Калекцыя (34 нумары,
63’35”) рэпрэзентуе ўзоры розных жанраў і гісторыка-стылявых пластоў
песеннай традыцыі Жыткавіцкага раёна (
,
), дапоўненыя каларытнымі дыялогамі,
рэплікамі і каментарыямі выканаўцаў, якія захоўваюць атмасферу
экспедыцыйнага запісу, даюць адчуванне жывога быцця традыцыі.
Музычна-этнаграфічныя экспедыцыі 2007-2008
навучальнага года.
У Слуцкім раёне
Мінскай вобласці з 30.06–13.07.2008 г. працавалі групы студэнтаў
Акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Т.Л. Бярковіч і В.М. Прыбыловай. Экспедыцыя мела метай вывучэнне сучаснага
стану этнамузычнай традыцыі Случчыны, папаўненне кантэкстуальных звестак
аб гучаннях, якія складаюць змест Слуцкай калекцыі Фонаархіва этнамузыкі
(экспедыцыі пад кір. Л.П. Касцюкавец 1970-х гг., І.Л. Сіневіч – 1989
г.).
Групы
Т.Л. Бярковіч у складзе музыказнаўцаў Насці Вікторчык, Кацярыны Крэнь,
Аліны Рагачовай, Элеаноры Кузінай, студэнтак аддзялення кампазіцыі
Вікторыі Спарыш і аддзялення фартэпіяна Алены Гуцінай, Ірыны Пяткевіч
абследавалі 8 вёсак раёна: Чыжоўку, Вялікую Сліву, Вясею, Вялікае
Быкава, Чапліцы, Мярэшына, Прошчыцы, Селішча. Былі апытаны 29
інфарматараў.
Групамі
пад кір. В.М.Прыбыловай абследавана 13 вёсак (Акцябр, Цэлевічы,
Паўстынь, Серагі, Падліпцы, Заполле, Рабак, Працэвічы, Ісерна,
Казловічы, Ізбудзішча, Вясея, Вялікае Быкова, Васілінкі). У цэлым былі
ахоплены цэнтральная, паўднёвая і паўднёва-ўсходная тэрыторыі раёна.
Назапашаныя этнаграфічна-музычныя матэрыялы (фоназапісы ў аб’ёме 14
міні-дыскаў, 7 дат-касет, фотаздымкі, відэаматэрыялы) папаўняюць
навуковую базу каштоўнымі ўзорамі этнапесеннай культуры Случчыны,
шматлікімі звесткамі кантэкстуальнага характару, што дае магчымасць
шматбаковага раскрыцця асаблівасцей этнамузычнай культуры паўднёвай
Міншчыны праз комплексна арыентаваныя этнамузыкалагічныя даследаванні.
Публікацыя Таццяны Гусевай аб экспедыцыі змешчана ў “Інфа-Кур’еры” ад 23
ліпеня 2008 (інрэрнет-рэсурс:
http://kurjer.info/2008/07/23/pesni-babushek-mogut-ispolnit-“pesnyary”/).
Экспедыцыю ў
Горацкі раён Магілёўскай вобласці ўзначальвала прафесар кафедры
беларускай музыкі Л.П. Касцюкавец (пры ўдзеле
метадыста Л.Ф.Баранкевіч). Мэтай было суцэльнае абследаванне тэрыторыі
раёна. З 30 чэрвеня па 14 ліпеня 2008 г. былі наведаны вёскі Стараселле, Аўсянка, Добрае, Рэкотка, Машкова, Аніковічы,
Маслакі, пас. Варкава, Горы, Нікуліна, Паршына, Рэкта, Кварцяны, Буды,
Маісеева, Леніна. Усяго запісана 408 адзінак песенных і інструментальных
узораў. У кола фіксацый увайшлі "вясноўскія",
"купальскія", жніўныя, "восеньскія",
"мікольскія" (скокавыя), "зімовыя" (жартоўныя
сямейна-пабытовага зместу), карагодныя, "свадзбенныя",
"ксцінныя", галашэнні, калыханкі, гістарычныя,
застольныя (бяседныя), любоўныя лірычныя, частушкі, прыпеўкі з танцам,
балады, духоўныя вершы, канты (псальмы), ражджастоўскія псальмы-калядкі
і інш. Назапашаныя матэрыялы значна папоўнілі Горацкую калекцыю
Фонаархіва этнамузыкі, якая ўключала да гэтага матэрыялы экспедыцый Л.В. Зыкавай
(1989 г.), Т.Л. Бярковіч (1999 г.).
Публікацыі
.