|
|
|
|
Мінск, Цэнтральны Дом афіцэраў, 12 снежня 2002 года.
БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ АКАДЭМІІ МУЗЫКІ – 70 ГОД! Выступленне рэктара БДАМ, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, прафесара М.А. КАЗІНЦА на святочным вечары, прысвечаным 70-годдзю з дня заснавання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Шаноўныя госці! Дарагія калегі – выкладчыкі і студэнты! Сябры! Заснаваная ў 1932 годзе, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі стала буйным цэнтрам музычнай адукацыі, выканальніцкага мастацтва, кампазітарскай творчасці і музыказнаўчай навукі. Ля яе вытокаў былі знакамітыя музыканты свайго часу – кампазiтары М. Аладаў і Ул. Залатароў, музыказнаўца Ю. Дрэйзiн і М. Мацісон, пiянiсты А. Клумаў, Г. Пятроў і В. Семашка, cкрыпачы А. Бяссмертны і А. Вiв'ен, вiяланчалiсты М. Арлоў i Б. Фiдлон, кантрабасісты І. Салодчанка і М. Славачэўскі, валтарніст Я. Сцэгенны, габаіст Г. Папавіцкі, спявак А. Баначыч, дырыжор I. Бары. Першым дырэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі быў М. Казакоў. У даваенны час яе ўзначальвалі таксама І. Прыс, К. Багушэвіч, А. Гантман, М. Бергер. У пасляваенны перыяд – Мікалай Ілліч Аладаў (1944–1948), Анатоль Васільевіч Багатыроў (1948–1962), Уладзімір Уладзіміравіч Алоўнікаў (1962–1982), Ігар Міхайлавіч Лучанок (1982–1985). Паступова ствараліся нацыянальныя музычныя школы: кампазітарская, выканальніцкая, музыказнаўчая. Павінен сказаць некалькі слоў аб кожнай з іх. Сярод першых выпускнікоў кансерваторыі ў 1937 годзе былі такія імёны, як А. Багатыроў, М. Крошнер, П. Падкавыраў, А. Папоў, В. Яфімаў. Гэта былі кампазітары, стаўшыя пазней знакамітымі на Беларусі. У далейшым у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі сфарміравалася нацыянальная кампазітарская школа, сярод выдатных прадстаўнікоў якой вядомыя беларускія кампазітары Леў Абеліёвіч, Уладзімір Алоўнікаў, Анатоль Багатыроў, Генрых Вагнер, Яўген Глебаў, Ігар Лучанок, Юрый Семеняка, Эдзі Тырманд, Дзмітрый Смольскі, Андрэй Мдзівані і многія, многія, хто сёння вызначае духоўна музычны стан нашай краіны. Міжнароднае прызнанне атрымала нацыянальная выканальніцкая школа, вялікі ўклад у развіццё якой зрабілі педагогі М. Бергер, I. Цвятаева, Р. Шаршэўскі, У. Эпштэйн (фартэпіяна), А. Амітон, М. Браценнікаў, М. Гальдштэйн, В. Гольдфельд, В. Пархоменка (скрыпка), П. Кірыльчанка (альт), А. Стагорскі і Б. Скабло (віяланчэль), А. Херсонскі (кантрабас), Ул. Харытонаў (флейта), Ю. Цёмкін (габой), П. Дзянісаў (труба), С. Асколкаў, Я. Вітынг, А. Арсбелі-Карынскі, М. Людвіг (спевы), М. Маслаў, В. Роўда, Г.Зелянкова (харавое дырыжыраване), І. Абраміс, І. Букрэеў, І. Гітгарц, В. Дуброўскі, В. Катаеў, І. Мусін, М. Шнэйдэрман, А. Энгельбрэхт (аркестровае дырыжыраванне), Э. Азарэвіч, І. Жыновіч, Г. Жыхараў (народныя інструменты) і інш. Міжнароднае прызнанне атрымала беларуская школа цымбалаў, якую ўпершыню на прафесійнай аснове пачаў развіваць таленавіты выканаўца прафесар Іосіф Жыновіч. Сярод яе выдатных прадстаўнікоў народны артыст Беларусі, прафесар Яўген Гладкоў, прафесар кафедры Таццяна Сергіенка, іншыя выдатныя выканаўцы. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі склалася навуковая школа сучаснага музыказнаўства, станаўленне якой звязана з імёнамі вядомых беларускіх музыказнаўцаў С. Нісневіч, Л. Мухарынскай, Г. Глушчанка. У цяперашні час Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі – гэта вышэйшая навучальная установа універсітэцкага тыпу, якая ўключае шэсць факультэтаў, 23 кафедры, 10 філіялаў кафедр у Магілёве, Брэсце, Гродна, магістратуру, аспірантуру, дактарантуру, шэраг музычных калектываў (аркестраў, хораў і ансамбляў), оперную студыю, многія аддзелы і падраздзяленні, якія непасрэдна забяспечваюць арганізацыю вучэбнага працэсу. Гэта бібліятэка, гаспадарчы аддзел, бухгалтэрыя, вучэбны, замежны, рэдакцыйна-выдавецкі, выхаваўчы, фанатэка. Яны не заўсёды на віду, але без іх паўсядзённай, часам рутыннай, але вельмі неабходнай работы жыццядзйнасць Акадэміі музыкі была б немагчымай. У Акадэміі музыкі навучаецца 1200 студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў. Асабліва мы цэнім тое, што ў нас вучыцца каля 120 замежных студэнтаў: з Кітайскай народнайя, Амерыкі, Турцыі, Славеніі і іншых краін. На факультэтах Акадэміі музыкі – фартэпіянным і кампазітарска-музыказнаўчым, аркестравым, вакальна-харавым і народных інструментаў, а таксама на Педагагічным факультэце (г. Магілёў) – ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка спецыялістаў па 12 музычных спецыяльнасцях, 25 спецыялізацыях . З 1995 года распачата падрыхтоўка бакалаўраў і магістраў мастацтва. На факультэце павышэння кваліфікацыі праводзіцца навучанне і перападрыхтоўка выкладчыкаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў мастацтва. У цяперашні час Акадэмія музыкі вядзе актыўную работу па рэгіяналізацыі вышэйшай музычнай адукацыі. У 1990 годзе ў г. Магілёве быў адкрыты Педагагічны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ад самага пачатку сваёй дзейнасці Педагагічны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі быў скіраваны на падрыхтоўку музычна-педагагічных кадраў для рэгіёна Магілёўскай вобласці. На факультэце вядзецца падрыхтоўка па ўсіх музычных спецыяльнасцях, створаны студэнцкі аркестр народных інструментаў, які з 1998 года набыў статус філарманічнага. Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. У яго суправаджэнні выступалі знакамітыя спевакі Б. Штокалаў. В. Нарэйка, Ю. Багацікаў. Сярод выхаванцаў факультэта шырока вядомыя беларускія выканаўцы Алёна Мацярынка (лаўрэат міжнароднага конкурсу ў Маскве «Рамансіада-99») і Іскуі Абалян (лаўрэат міжнароднага конкурсу «Славянскі Базар» у Віцебску). Узначальвае факультэт наш выхаванец заслужаны дзеяч мастацтваў рэспублікі, заслужаны настаўнік рэспублікі дацэнт Леанід Леанідавіч Іваноў. У 2002 годзе ў гарадах Брэсце і Гродна адкрыты філіялы кафедр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У будучым годзе такія ж філіялы будуць створаны ў Віцебску і Гомелі. Арганізацыя падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай музычнай адукацыяй ў абласных цэнтрах краіны – гэта перспектыўны накірунак дзейнасці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця вышэйшай адукацыі у рэгіёнах Беларусі. Адным з асноўных накірункаў дзейнасці Акадэміі музыкі з'яўляецца правядзенне разнастайнай творчай дзейнасці па распаўсюджванню і прапагандзе беларускага музычнага мастацтва. Канцэртная дзейнасць Акадэміі музыкі стала важным фактарам музычнага жыцця краіны, незаменным сродкам інтэграцыі беларускай культуры і мастацтва ў сусветную супольнасць. Творчыя калектывы і салісты Акадэміі музыкі ўдзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні буйных міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, менавіта: «Беларуская музычная восень», «Мінская вясна», «Звіняць цымбалы і гармонік», «Магутны Божа», музычных фестываляў творчага аб’яднання «Беларуская капэла». Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі з’яўляецца арганізатарам шэрагу рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, сярод якіх – «Фартэпіяна. Мінск – 96», міжнародны конкурс піяністаў «Мінск – 2000», міжнародны конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча. Прыкметнай з’явай культурнага жыцця краіны сталі штогадовыя фартэпіянныя фестывалі, якія прайшлі ў Брэсце, Магілёве, Гродна, а ў бягучым годзе – і ў Мінску. Вынікам шэрагу творчых праектаў, звязаных з напісаннем новых музычных твораў, сталі оперныя і балетныя прэм'еры, а таксама выкананне сімфанічнай і камернай музыкі кампазітараў А. Багатырова, Я. Глебава, Дз. Смольскага, А. Мдзівані, Г. Гарэлавай, В. Кузняцова, У. Солтана, У. Дарохіна і іншых на вядучых пляцоўках краіны і за мяжой. Сярод іх – пастаноўка оперы Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча, балет «Страсці» Андрэя Мдзівані, пастаноўка якога была прызнана ў Парыжы лепшым балетам 1995 года (балетмайстар – Валянцін Елізар’еў), балет «Макбэт» Вячаслава Кузняцова. Значнай падзеяй айчыннай і еўрапейскай музычнай культуры з’явілася пастаноўка оперы Радзівіла «Фаўст» на лібрэта Гётэ (Дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета, 1999), што стала магчыма дзякуючы творчай і навуковай дзейнасці выкладчыкаў Акадэміі музыкі Віктара Скорабагатава, Вольгі Дадзіёмавай і Ганны Каржанеўскай. Высокія творчыя дасягненні выкладчыкаў Акадэміі музыкі адзначаны Дзяржаўнымі прэміямі Рэспублікі Беларусь у галіне мастацтва: каля 50 выкладчыкаў Акадэміі музыкі атрымалі ганаровыя званні і дзяржаўныя ўзнагароды. Вялікую папулярнасць набылі таксама выхаванцы Акадэміі музыкі, якія плённа працуюць у галіне музычнай эстрады – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг, народны артыст Беларусі Васіль Раінчык («Верасы»), заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Ядзвіга Паплаўская і Уладзімір Ціхановіч, Уладзіслаў Місевіч («Песняры»), папулярныя спявакі Мікалай Скорыкаў, Іскуі Абалян і іншыя. Студэнты Акадэміі музыкі паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных выканальніцкіх конкурсах, што з’яўляецца важным фактарам міжнароднага прызнання беларускага музычнага мастацтва і адукацыі. Шэраг студэнтаў Акадэміі музыкі сталі лаўрэатамі прэстыжных міжнародных творчых спаборніцтваў: конкурса піяністаў «Кельн–96» (ФРГ), «Гран–пры» К. Кана ў Парыжы (Францыя), імя Ф. Шапэна ў Варшаве (Польшча), імя І. Баха ў Саарбрукене (ФРГ), «А.М.А.Калабрыя» ў Італіі, імя М. Канальс у Барселоне (Iспанія), імя Э. Дзюрле ў Антверпене (Бельгія), імя В. Кэппэла ў Вашынгтоне (ЗША), першага міжнароднага конкурса EPTA (Еўрапейская асацыяцыя педагогаў фартэпіяна) у Харватыі, конкурсаў акардыяністаў і баяністаў у Клінгенталі (ФРГ) і Кастэльфедарда (Італія), конкурса выканаўцаў на народных інструментах «Кубак Поўначы» у Чарапаўцы (Расія), конкурсаў вакалістаў «Янтарны салавей» ў Расіі, імя Я. Вітала ў Рызе (Латвія), імя А. Дворжака ў Карлавых Варах (Чэхія) і шмат іншых. Асаблiвых поспехаў у юбілейным годзе дасягнулі піяністы Акадэміі музыкі Канстанцін Красніцкі (Міжнародны конкурс імя С. Рахманінава, Масква, 2002 г., ІІІ прэмія) і Андрэй Паначэўны (Міжнародны конкурс імя П. Чайкоўскага, Масква, 2002 г., ІІІ прэмія), а таксама баяніст Аляксандр Шувалаў (міжнародны конкурс у Клінгенталі, 2002 г., 1 прэмія). Апошнія перамогі я хачу выдзеліць асобна, таму што ўпершыню выхаванцы Акадэміі музыкі сталі пераможцамі на самых складаных і прэстыжных сусветных музычных спаборніцтвах. Усяго толькі за апошняе пяцігоддзе лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных конкурсаў сталі больш за 100 студэнтаў Акадэміі музыкі. Значную канцэртную работу ў краіне і за яе межамі праводзяць аркестровыя калектывы, хор і ансамблі акадэміі музыкі. Гэта сімфанічны аркестр «Маладая Беларусь», якім пашчасціла кіраваць мне, лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў аркестр духавых інструментаў «Фанфары Беларусі» пад кіраўніцтвам дацэнта Барыса Чудакова і маладога дырыжора, сёлетняга выпускніка Акадэміі музыкі Віктара Бабарыкіна, aркеcтр рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам дацэнта Сяргея Кафанава, беларускі народны аркестр, мастацкі кіраўнік дацэнт Віктар Валатковіч, камерны аркестр «Gradus ad Parnassum», мастацкі кіраўнік – дацэнт Пётр Вандзілоўскі, лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў канцэртны хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік – народны артыст СССР і Беларусі, прафесар Віктар Уладзіміравіч Роўда. Неабходна таксама сказаць і аб цудоўных ансамблях Акадэміі музыкі. Гэта актэт драўляных духавых інструментаў, ансамбль духавых інструментаў, мастацкія кіраўнікі прафесар Барыс Нічкоў і дацэнт Генрых Гедыльтэр, ансамбль духавых інструментаў «Інтрада» пад кіраўніцтвам прафесара Мікалая Волкава, ансамбль флейтыстаў «Сірынкс», мастацкі кіраўнік дацэнт Ніна Аўраменка, ансамбль цымбалістаў «Лілея», мастацкі кіраўнік прафесар Яўген Гладкоў, ансамбль дамрыстаў, мастацкі кіраўнік прафесар Галіна Асмалоўская, ансамбль балалаек, мастацкі кіраўнік дацэнт Валянцін Шчарбак. Мне цяжка пералічыць усе гарады і пасёлкі Беларусі, замежныя краіны, у якіх пабывалі гэтыя калектывы. Неаднаразова яны атрымлівалі вышэйшыя ўзнагароды міжнародных конкурсаў і фестываляў. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі з’яўляецца адзінай у краіне навуковай установай, у якой праводзяцца фундаментальныя навуковыя даследванні па ўсіх накірунках сучаснага музыказнаўства, музычнай адукацыі і методыкі выкладання музычных дысцыплін. Акадэмія музыкі прымае ўдзел у распрацоўцы рэспубліканскай комплекснай праграмы «Культура» і іншых праграмах фундаментальных даследаванняў. Перспектыўны план навукова-даследчых і метадычных работ Акадэміі музыкі уключае фундаментальныя даследаванні па праблемах сучаснага музыказнаўства (гісторыі, тэорыі музыкі і этнамузыкалогіі), музычнай педагогікі, эстэтыкі (філасофіі музыкі), падрыхтоўку манаграфій, зборнікаў навуковых артыкулаў, слоўнікаў, падручнікаў, метадычных дапаможнікаў, метадычных распрацовак, нотных выданняў, вучэбных праграм. Для правядзення навукова-даследчай работы на ўзроўні сучасных патрабаванняў Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі мае значны навуковы патэнцыял. Так, у Акадэміі музыкі працуе 7 дактароў навук, 32 прафесары, 51 кандыдат навук, 95 дацэнтаў. Усяго 70% выкладчыкаў Акадэміі музыкі маюць вучоныя ступені, вучоныя і ганаровыя званні. Для параўнання: у 1985 годзе – 10%, у 1990 годзе 25%. За апошняе дзесяцігоддзе больш за 60 выкладчыкаў атрымалі вучонае званне дацэнта, 20 – прафесара. На базе планавых навуковых даследаванняў падрыхтавана і абаронена 5 доктарскіх дысертацый. У 1996 годзе ўпершыню ў гісторыі Беларускай вышэйшай музычнай школы ў Акадэміі музыкі створаны савет па абароне дысертацый на атрыманне вучонай ступені кандыдата (з 2001 г. – доктара) мастацтвазнаўства па спецыяльнасці «музычнае мастацтва», старшыня савета доктар педагагічных навук, прафесар В. Л. Яканюк. У савеце паспяхова абаронена 16 кандыдатскіх дысертацый па актуальных праблемах сучаснага музыказнаўства, у тым ліку аспірантамі з Кітая і Паўднёвай Карэі. Змястоўныя вынікі навукова-даследчай дзейнасці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі знайшлі сваё адлюстраванне ў навуковых і метадычных публікацыях Акадэміі музыкі. Толькі за 1996–2002 гг. выкладчыкамі Акадэміі музыкі апублікавана навуковых, метадычных, нотных і іншых выданняў аб'ёмам каля 1000 друкаваных аркушаў. Сярод найбольш буйных і значных выданняў апошняга перыяду манаграфіі і вучэбныя дапаможнікі, нотныя выданні. Рэдакцыйна-выдавецкі аддзел акадэміі музыкі рэгулярна друкуе зборнікі навуковых артыкулаў, матэрыялы навуковых канферэнцый, метадычныя распрацоўкі, вучэбныя праграмы. Істотным укладам у развіццё айчыннай гуманітарнай навукі з'яўляецца правядзенне на базе Акадэміі музыкі міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый. Вялікую ролю для асэнсавання задач далейшага развіцця музычнай адукацыі ў рэспубліцы адыграла міжнародная канферэнцыя «Музычная адукацыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне» (1993 г.). Прыкметнай з'явай у развіцці айчыннага музыказнаўства сталі традыцыйныя штогадовыя навуковыя чытанні памяці Л. Мухарынскай, правядзенне якіх дазволіла забяспечыць трывалую навукова-практычную базу для арганізацыі буйной міжнароднай навуковай канферэнцыі «Славянская этнамузыкалогія: Накірункі. Метады. Канцэпцыі» (1996 г.). Усяго за апошняе пяцігодзе выкладчыкамі Акадэміі музыкі падрыхтавана больш за 300 навуковых дакладаў, якія былі прадстаўлены на навуковых форумах у Беларусі, Расіі, на Украіне, а таксама ў Малдове, Літве, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Германіі, Аўстрыі, Швайцарыі, Іспаніі, Францыі, ЗША, Індыі, на Кіпры і інш. Міжнародная дзейнасць Беларускай акадэміі музыкі з’яўляецца важным фактарам яе прызнання ў якасці адукацыйнага, творчага (музычнага), навуковага і метадычнага цэнтра міжнароднага ўзроўню, спрыяе развіццю супрацоўніцтва Акадэміі музыкі з замежнымі навучальнымі і навуковымі ўстановамі і садзейнічае прапагандзе і распаўсюджванню нацыянальнага музычнага мастацтва ў замежжы. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі супрацоўнічае, у тым ліку на падставе міжвузаўскіх пагадненняў, з Маскоўскай кансерваторыяй імя П. Чайкоўскага, Санкт-Пецярбургскай кансерваторыяй імя М. Рымскага-Корсакава, Расійскай акадэміяй музыкі імя Гнесіных (Расія), Нацыянальнай музычнай акадэміяй Украіны, Літоўскай акадэміяй музыкі, Акадэміяй музыкі імя Ф. Шапэна ў Варшаве і Акадэміяй музыкі імя К. Шыманоўскага ў Катавіцах (Польшча), Акадэміяй музыкі ў Любляне (Славенія), Белградскім універсітэтам (Югаславія), Вышэйшай школай мастацтваў у Берліне і Вышэйшай музычнай школай у Кёльне (ФРГ), Тэхаскім і Мілікінскім універсітэтамі (ЗША), Хэнаньскім і Чжэньчжоускім універсітэтамі і Уханьскай кансерваторыяй (КНР), Універсітэтам Анкары (Турцыя), паспяхова ідзе развіццё супрацоўніцтва з вышэйшымі музычнымі школамі Вены і Граца (Аўстрыя), а таксама з міжнароднай Бахаўскай акадэміяй у Штутгарце (ФРГ). Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі з'яўляецца членам шэрагу міжнародных музычных арганізацый Еўрапейскай асацыяцыі кансерваторый і вышэйшых музычных школ (Амстэрдам, Нідэрланды), Еўрапейскай лігі ВНУ мастацтваў (Брусэль, Бельгія), Міжнароднага саюзу ВНУ мастацтваў (Сан-Маркас, ЗША), Еўрапейскай асацыяцыі педагогаў фартэпіяна (Лондан, Англія), Сусветнай асацыяцыі цымбалістаў (Будапешт, Венгрыя), Сусветнай асацыяцыі сімфанічных і духавых аркестраў. Вялікі міжнародны рэзананс атрымаў Сусветны кангрэс цымбалістаў, правядзенне якога на Беларусі стала магчымым дзякуючы высокім творчым дасягненням айчыннай школы цымбал. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі прымае актыўны ўдзел у працэсе інтэграцыі еўрапейскай і сусветнай адукацыйнай прасторы ў адпаведнасці з Балонскай Дэкларацыяй па прафесійнай музычнай адукацыі ў Еўропе. Новы імпульс развіццю ідэй аб перспектывах вышэйшай музычнай школы даў візіт у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які адбыўся 23 мая гэтага года. І да моманту наведвання Акадэміі музыкі мы адчувалі моцную падтрымку з боку кіраўніка дзяржавы нашых высілкаў па паляпшэнню матэрыяльнай базы вышэйшай музычнай адукацыі, стварэння найлепшых умоў для заняткаў педагогам і студэнтам. Быў атрыманы новы вучэбны корпус, з дапамогай фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь набыты музычныя інструменты, абсталявана студыя гуказапісу. Многія студэнты і выкладчыкі Акадэміі музыкі сталі лаўрэатамі прэмій спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры, падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, а музычныя калектывы і салісты мелі магчымасць выехаць на міжнародныя конкурсы. І, запрашаючы Прэзідэнта наведаць Акадэмію музыкі, мы не меркавалі прасіць грошай або дадатковых прывілеяў, а проста хацелі, каб кіраўнік дзяржавы на свае вочы пераканаўся, як многа ў Беларусі таленавітых маладых людзей, і якія цудоўныя педагогі іх навучаюць. Аднак Аляксандр Рыгоравіч не толькі ўважліва і з глыбокім пранікненнем у сутнасць справы знаёміўся з Акадэміяй музыкі, але і адразу ж зразумеў найбольш важкія пытанні далейшага развіцця вышэйшай музычнай адукацыі краіны. Дзякуючы яго падтрымцы мы цяпер маем ясную перспектыву яшчэ аднаго вучэбнага корпусу для стварэння і размяшчэння маладзёжнага опернага тэатра, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы Акадэміі. Будзе развівацца вышэйшая музычная адукацыя ў рэгіёнах рэспублікі. Дазвольце сардэчна падзякаваць за гэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Я таксама выражаю шчырую ўдзячнасць за дапамогу ўраду краіны на чале з Прэмьер-міністрам Генадзем Васільевічам Навіцкім, і Міністэрству культуры рэспублікі на чале з Міністрам культуры Леанідам Паўлавічам Гуляка – без іх дапамогі многія нашы дасягненні былі б немагчымы. Канешне, за сухімі строгімі лічбамі справаздач цяжка разгледзець палкія сэрцы і няўрымслівыя душы вялікіх музыкантаў, якія нарадзілі гэты сапраўдны цуд – Беларускую дзяржаўную кансерваторыю - Акадэмію музыкі. Але ж удзячнасць да іх высілкаў заўсёды застанецца ў нашых сэрцах і сэрцах тых, хто прыйдзе за намі. Хачу пажадаць усім Вам, дарагія сябры, здароў'я, творчага неспакою, поспехаў на бясконцым шляху да вышынь дасканаласці. Наша родная Акадэмія музыкі мае за сабой вялікі вопыт соцень выкладчыкаў і тысяч выпускнікоў. Але яна поўная сіл і энергіі дзеля таго, каб высокімі творчымі здзяйсненнямі паказаць сусвету нашу моц і здабыць новую славу нашай роднай Айчыне, «роднаму кутку» – Беларусі!
|
|
|
|