|
|
|
|
Вакальна-харавы факультэтДэкан – в.а. прафесара В.Л. Аўраменка Кафедры:
Кафедра спеваў. З першых дзён работы Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі кафедра займала адно з вядучых месцаў. Гэтаму спрыяла багатая традыцыямі пеўчая культура беларускага народа, а таксама высокі прафесійны ўзровень тых, хто стаяў ля вытокаў вышэйшай вакальнай адукацыі ў Беларусі. Першымі выкладчыкамі кафедры былі вядомыя спевакі мінулага стагоддзя, якія выступалі побач з Ф. Шаляпіным, Н. Няжданавай, Л. Собінавым. Гэта А. Баначыч, П. Ціханаў, Я. Віцінг. Імі былі выхаваны першыя ў Беларусі народныя артысты СССР і БССР Л. Александроўская, М. Ворвулеў, М. Дзянісаў, С. Друкер, І. Балоцін. Іх справу працягнулі такія выдатныя спевакі і прафесары, як С. Асколкаў, М. Людвіг, К. Драздова. У цяперашні час традыцыі беларускай пеўчай школы плённа працягваюць народная артыстка СССР, прафесар Т. Ніжнікава, народны артыст Расіі, дацэнт Э. Пелагейчанка, народны артыст Беларусі, дацэнт П. Рыдзігер, народныя артысткі Беларусі: в.а. прафесара Л. Галушкіна, дацэнты Л. Каспорская, І. Шыкунова; заслужаныя артысты РБ: кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Л. Івашкоў, в.а. прафесара Л. Колас, прафесар В. Скорабагатаў, дацэнт М. Зданевіч, М. Жылюк. З’яўляючыся лаўрэатамі розных міжнародных і нацыянальных конкурсаў, маючы вопыт выступлення на вялікіх оперных сцэнах і прэстыжных канцэртных пляцоўках, яны выхоўваюць годную, высокапрафесійную моладзь – будучыню нашага вакальнага мастацтва. Кафедра спеваў ганарыцца перамогамі сваіх выпускнікоў на многіх міжнародных конкурсах, што адбываліся ў Расіі, Італіі, Бельгіі, Іспаніі, Латвіі, Чэхіі, Турцыі і Украіне. У ліку лаўрэатаў шыраковядомыя беларускія спевакі В. Кучынскі, В. Скорабагатаў, М. Жылюк, М. Грыгорчык, С. Франкоўскі, М. Зданевіч, І. Шупеніч, А. Марозаў, М. Рысаў, І. Гардзей, А. Жукаў, А. Кавалеўскі, А. Сало, У. Мароз, А. Масквіна, Т. Гаўрылава, І. Сільчукоў, Н. Дзяменцьева, Н. Александровіч, Ю. Гарадзецкі. Педагогі і выпускнікі аддзялення спеваў з поспехам выступаюць не толькі ў Беларусі. Прапагандуючы беларускае вакальнае мастацтва, яны гастралююць у Іспаніі, ЗША, Швейцарыі, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Польшчы і іншых краінах свету.
Кафедра харавога дырыжыравання. Адным з заснавальнікаў кафедры, а таксама Беларускай харавой капэлы быў дырыжор І. Бары, выхаванец Маскоўскай кансерваторыі. Станаўленне кафедры ў даваенныя гады звязана таксама з дзейнасцю Л. Шварц і М. Маслава. Пасля аднаўлення дзейнасці кансерваторыі ў 1944 г. на кафедры пачалі сваю педагагічную працу М. Шнэйдэрман, С. Ратнер, І. Гітгарц. Асобна трэба адзначыць уклад у развіццё харавога мастацтва Беларусі народнага артыста СССР і БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара В.У. Роўды, які ўзначалівал кафедру з 1963 па 2007 гг., і заслужанага дзеяча мастацтваў РБ, в. а. прафесара Г. Зелянковай. У наступны час кафедрай кіруе в.а. прафесара В. Аўраменка. На кафедры працуюць вядомыя хормайстры: народны артыст БССР, прафесар М. Дрынеўскі, дацэнты М. Хвісюк, Л. Шымановіч, Т. Слабодчыкава, С. Герасімовіч, старшыя выкладчыкі Л. Сакалова, І. Бадзяка. Педагагічная і творчая дзейнасць кафедры харавога дырыжыравання – гэта асноўны падмурак захавання і развіцця беларускай харавой культуры. Выступленне канцэртнага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на міжнароднай сцэне адзначана высокімі творчымі дасягненнямі.
|
|
|
|