Мастацкая культура

Галоўная Агляд сайта

horizontal rule

Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і беларуская мастацкая культура

 

        Адным з асноўных накірункаў дзейнасці Акадэміі музыкі з'яўляецца правядзенне вялікай і разнастайнай творчай работы, распаўсюджванне і прапаганда беларускага музычнага мастацтва і творчасці ў рэспубліцы і за яе межамі. Творчая дзейнасць Акадэміі музыкі з'яўляецца важным фактарам музычнага жыцця краіны, развіцця нацыянальнай музычнай культуры і мастацтва, распаўсюджвання і прапаганды беларускага музычнага мастацтва ў свеце, незаменным сродкам інтэграцыі беларускай культуры і мастацтва ў сусветную супольнасць.

Акадэмія музыкі удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні буйных міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, менавіта: «Беларуская музычная восень», «Мінская вясна», «Звіняць цымбалы і гармонік», «Магутны Божа», музычных фестываляў ў г. Маладзечна і г. Нясвіжы, фестываляў творчага аб’яднання «Беларуская капэла». Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі з’яўляецца арганізатарам шэрагу рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, сярод якіх – «Фартэпіяна. Мінск–96», міжнародны конкурс піяністаў «Мінск–2000», «Мінск–2005». Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі з'яўляецца сувыканальнікам праграмы дзяржаўнай падтрымкі творчай моладзі «Новыя iмёны».

Вынікам шэрагу творчых праектаў, звязаных са стварэннем музычных твораў канцэртнага і педагагічнага рэпертуару, аўтарамі якіх з’яўляюцца кампазітары А. Багатыроў, Я. Глебаў, Дз. Смольскі, А. Мдзівані, Г. Гарэлава, У. Солтан, У. Дарохін, В. Кузняцоў і інш., сталі оперныя, балетныя і сімфанічныя прэм'еры на вядучых пляцоўках краіны і за мяжой, сярод іх – пастаноўка оперы У. Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці У. Караткевіча, балет «Страсці» А. Мдзівані, пастаноўка якога была прызнана ў Парыжы лепшым балетам 1995 года (балетмайстар – В. Елізар’еў), балет «Макбэт» В. Кузняцова. Значнай падзеяй айчыннай і еўрапейскай музычнай культуры з’явілася пастаноўка оперы Радзівіла «Фауст» на  лібрэта Гётэ (ДАВТ оперы і балета, 1999 г.). Пастаноўка гэтага музычнага шэдэўра стала магчымай дзякуючы творчай і навуковай дзейнасці выкладчыкаў Акадэміі музыкі В. Скорабагатава, В. Дадзіёмавай і Г. Каржанеўскай.

        Высокія творчыя дасягненні выкладчыкаў Акадэміі музыкі адзначаны Дзяржаўнымі прэміямі Рэспублікі Беларусь у галіне мастацтва, сярод якіх кампазітары А. Багатыроў, Я. Глебаў, Дз. Смольскі, Г. Гарэлава, А. Мдзівані, дырыжоры М. Казінец, М. Дрынеўскі, В. Роўда, піяніст І. Алоўнікаў і інш. Каля 50 выкладчыкаў Акадэміі музыкі атрымалі ганаровыя званні народнага і заслужанага артыста Беларусі, іншыя дзяржаўныя ўзнагароды.

Студэнты Акадэміі музыкі паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных выканальніцкіх конкурсах, што з’яўляецца важным фактарам міжнароднага прызнання беларускага музычнага мастацтва і адукацыі. Шэраг студэнтаў Акадэміі музыкі сталі лаўрэатамі прэстыжных міжнародных творчых спаборніцтваў, менавіта: конкурса піяністаў «Кёльн–96» (ФРГ), «Гран–пры» К. Кана ў г. Парыжы (Францыя), імя Ф. Шапэна ў г. Варшаве (Польшча), імя І.С. Баха ў г. Саарбрукене (ФРГ), «А.М.А.Калабрыя» ў Італіі, М. Канальс у г. Барселоне (Iспанія), Э. Дзюрле ў г. Антвэрпэне (Бельгія), В. Кэппэла ў г. Вашынгтоне (ЗША),  першага міжнароднага конкурса EPTA (Еўрапейская асацыяцыя педагогаў фартэпіяна) у Харватыі, конкурсаў акардэаністаў у г. Клінгентале (ФРГ) і г. Кастэльфедарда (Італія), конкурса выканаўцаў на народных інструментах «Кубак Поўначы» у г. Чарапаўцы (Расія), конкурсаў вакалістаў «Янтарны салавей» ў Расіі, імя Я. Вітала ў г. Рызе (Латвія), імя А. Дворжака ў г. Карлавых Варах (Чэхія) і шмат інш. Асаблiвых поспехаў у юбілейным 2002 г.  дасягнулі піяністы – выхаванцы Акадэміі музыкі Андрэй Паначэўны (Міжнародны конкурс імя П. Чайкоўскага, г. Масква, ІІІ прэмія) і Канстанцін Красніцкі (Міжнародны конкурс імя С. Рахманінава, г. Масква, ІV прэмія).

Вялікай папулярнасцю і вядомасцю ў краіне і за яе межамі карыстаюцца аркестровыя калектывы і ансамблі Акадэміі музыкі. Сімфанічны аркестр «Маладая Беларусь» (мастацкі кіраўнік – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар М. Казінец) быў неаднаразовым удзельнікам міжнароднага музычнага фестывалю ў г. Байройце (Германія), фестываляў у Італіі і Францыі, ажыццявіў шэраг філарманічных прэм’ераў і канцэртных праграм. Разнастайную творчую дзейнасць праводзіць духавы аркестр Акадэміі музыкі «Фанфары Беларусі», які двойчы адзначаны Гран-пры і Ганаровымі кубкамі на міжнародных конкурсах у г. Люксембургу, а таксама на фестывале ў г. Белфоры (Францыя). Канцэртны хор Акадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік – народны артыст СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар В.У. Роўда) атрымаў Гран-пры і Кубак Оскара на міжнародным конкурсе ў г. Дармштадце (ФРГ), а таксама Гран-пры на міжнародным конкурсе ў г. Гайнаўцах (Польшча).

Вялікую папулярнасць набылі таксама выхаванцы Акадэміі музыкі, якія плённа працуюць у галіне музычнай эстрады – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар М. Фінберг, народны артыст Беларусі В. Раінчык («Верасы»), заслужаныя артысты РБ Я. Паплаўская і А. Ціхановіч, У. Місевіч («Песняры»), папулярныя спевакі М. Скорыкаў, І. Абалян і інш.