• На галоўную
  • Карта сайта

Кафедра струнных народных шчыпкова-ударных інструментаў

Кафедра струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў

Дзейнасць аддзялення народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі пачалася ў 1937 годзе, калі быў адкрыты клас народных інструментаў, што ўключаў некалькі студэнтаў па спецыяльнасцях цымбалы, баян, домра і балалайка. У 1939 годзе на Усесаюзным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах вялікага поспеху дамагліся цымбалісты І. Жыновіч (II прэмія), А. Астрамецкі (III прэмія), дамрыст М. Лысенка (III прэмія) і балалаечнік Г. Жыхараў (дыплом). У 1945 годзе працягнулася дзейнасць класа народных інструментаў, перарваная вайной з фашысцкай Германіяй. У 1949 годзе была арганізавана кафедра народных інструментаў, якую ўзначаліў выдатны цымбаліст-віртуоз, заснавальнік беларускай прафесійнай цымбальнай школы, мастацкі кіраўнік і дырыжор дзяржаўнага народнага аркестра БССР народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, прафесар Іосіф Іосіфавіч Жыновіч. Да педагагiчнай работы на кафедры былі запрошаны адораныя выпускнікі: Георгій Іванавіч Жыхараў (балалайка, домра), Эльфрыда Мікалаеўна Азарэвіч (баян), Самуіл Львовіч Ратнер (дырыжыраванне). Папаўненне і пашырэнне складу кафедры ў асноўным адбывалася за кошт яе найбольш таленавітых выпускнікоў: Паўла Карловіча Пагоцкага (клас домры, балалайкі і ансамбля), Леаніда Аляксандравіча Смялкоўскага (домра), Галіны Віктараўны Асмалоўскай (домра), баяністаў Эдуарда Міхайлавіча Лембовіча, Уладзіміра Фёдаравіча Савіцкага, Генадзя Мікалаевіча Мандруса, Валянціна Аляксеевіча Чабана, Таццяны Пятроўны Брагінец, Валянціны Пятроўны Пісарчык, Роберта Міхайлавіча Назаранкі, Мікалая Вікенцьевіча Прашко (балалайка) і некалькі пазней – Яўгена Пятровіча Гладкова (цымбалы), Валянціна Міхайлавіча Шчарбака (балалайка), Элеаноры Мікалаеўны Скуратавай (акардэон). Пасля І.І. Жыновіча кафедрай таленавіта і плённа кіравалі такія вядомыя музыканты, як дацэнт Г.І. Жыхараў і заслужаны дзеяч культуры БССР, прафесар Міхаіл Рыгоравіч Солапаў (баян). Напрыканцы 1960-х гадоў быў адкрыты клас акардэона, у 1977-ым – гітары, у 2005-ым – мандаліны. Адкрытая ў 1968 годзе асістэнтура-стажыроўка забяспечыла падрыхтоўку для кансерваторыі выкладчыкаў вышэйшай кваліфікацыі.

Пасля 1968 года ў склад кафедры улілася цэлая плеяда маладых спецыялістаў: Таццяна Пятроўна Сяргіенка (цымбалы), Таццяна Віктараўна Ялецкая (цымбалы), Мікалай Мікалаевіч Марэцкі (домра, мандаліна), Леанід Іванавіч Чарняк (домра), Рыма Уладзіміраўна Падойніцына (цымбалы), Валерый Серафімавіч Жывалеўскі (гітара), Яўген Міхайлавіч Грыдзюшка (гітара), Марына Віктараўна Ільіна (балалайка), Ларыса Леанідаўна Рыдлеўская (цымбалы), Павел Аляксандравіч Бельскі (гітара), Вераніка Аляксандраўна Прадзед (цымбалы).

Разам з вучэбна-выхаваўчай, навукова-даследчай, творчай і метадычнай работай асаблівае месца ў рабоце кафедры займала і канцэртна-выканальніцкая дзейнасць выкладчыкаў і студэнтаў. Выканальніцкія традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі пастаянна развіваліся на працягу ўсіх гадоў, яшчэ больш актывізаваліся пасля падзелу кафедры народных інструментаў (1980) на кафедру баяна і акардэона (загадчык кафедры – заслужаны артыст БССР, прафесар М.І. Сеўрукоў) і кафедру струнных народных інструментаў (загадчык кафедры – народны артыст Беларусі, прафесар Я.П. Гладкоў). Кафедра ў сваёй дзейнасці вызначыла два галоўныя напрамкі: павышэнне выканальніцкага ўзроўню студэнтаў у сольным і ансамблевым выканальніцтве і распрацоўка праблем тэорыі выканальніцтва і методыкі навучання ігры на народных інструментах. На сённяшні дзень выкладчыкамі кафедры вядзецца актыўная падрыхтоўка студэнтаў да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Больш за 60 разоў прадстаўнікі кафедры станавіліся прызёрамі гэтых спаборніцтваў. Многія з іх зарэкамендавалі сябе ў якасці вядучых дзеячаў народна-інструментальнага мастацтва: прафесары Я.П. Гладкоў, Г.В. Асмалоўская, В.С. Жывалеўскі, дацэнты М.М. Марэцкі, Л.І. Чарняк, Я.М. Грыдзюшка, Т.В. Ялецкая, Р.У. Падойніцына, кандыдат мастацтвазнаўства В.М. Шчарбак, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Л.Л. Рыдлеўская, выкладчыкі П.А. Бельскі, В.А. Прадзед, Н.А. Корсак.

За некалькі апошніх дзесяцігоддзяў цэлы шэраг студэнтаў сталі лаўрэатамі і дыпламантамі шматлікіх міжнародных конкурсаў. Сярод пераможцаў прэстыжных конкурсаў:

  • 1992 год – цымбалістка Ларыса Рыдлевская атрымала Гран-пры на I Міжнародным конкурсе "Кубак Поўначы" ў Чарапаўцы (Расія);
  • 1994 год – цымбалісткі Святлана Загуменкіна і Людміла Нікольская перамаглі на II Міжнародным конкурсе "Кубак Поўначы" ў Чарапаўцы (Расія);
  • 1998 год – гітарыст Ян Скрыган перамог на Міжнародным конкурсе гітарыстаў у Крыніцы (Польшча), цымбаліст Міхаіл Лявончык на Міжнародным конкурсе імя І. Хаткевіча ў Харкаве (Украіна);
  • 1999 год – цымбалістка Вольга Скабеюс стала пераможцай конкурсу выканаўцаў на цымбалах у Валашске Мезіржічі (Чэхія);
  • 2000 год – на конкурсе "Раффаэле Калачы" ў Балонні (Італія) атрымалі Гран-пры мандаліністка Кацярына Пракопчык і цымбаліст Міхаіл Лявончык, перамаглі Ян Скрыган (гітара) і Кацярына Анохіна (цымбалы);
  • 2001 год – пераможцам і ўладальнікам Гран-пры на конкурсе камерных ансамбляў у Пшемыслі (Польшча) стаў дуэт Яна Скрыгана (гітара) і Кацярыны Пракопчык (мандаліна);
  • 2002 год – пераможцам конкурсу і ўладальнікам прыза за лепшае выкананне твораў Дж. Дзюарта стала гітарыстка Наталля Ліпніцкая на конкурсе імя Дж. Дзюарта ў Русце (Аўстрыя);
  • 2003 год – пераможцам I Міжнароднага конкурсу імя І. Жыновіча ў Мінску стала Аксана Хахол (цымбалы);
  • 2004 год – пераможцам Х Міжнароднага конкурсу гітарыстаў імя Ч. Драздзевіча ў Крыніцы (Польшча) стаў гітарыст Павел Кухта; пераможцай Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на шматструнных інструментах імя В. Гарадоўскай у Маскве (Расія) – цымбалістка Вольга Гардзей; пераможцай V Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах "Кубак Поўначы" ў Чарапаўцы (Расія) стала цымбалістка Галіна Лазовік;
  • 2006 год – пераможцай VI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах "Кубак Поўначы" ў Чарапаўцы (Расія) стала цымбалістка Таццяна Сушчэня;
  • 2007 год – пераможцай II Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча ў намінацыі "домра, мандаліна, балалайка" ў Мінску стала дамрыстка Наталля Корсак, пераможцай IV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на шматструнных народных інструментах ў Пскове (Расія) стала цымбалістка Кацярына Васількова.

Больш падрабязную інфармацыю глядзі: Лаўрэаты

Актыўна канцэртуюць студэнцкія ансамблі цымбалістаў, гітарыстаў, дамрыстаў і балалаечнiкаў. З 1968 года пачаў сваю творчую дзейнасць пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Я.П. Гладкова ансамбль цымбалістаў "Лілея". Цудоўнымi канцэртамi ў канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ансамбль адзначыў у красавіку 2011 года сваё 45-годдзе, у 2016 годзе – 50-годзе.

З мэтай удасканалення метадаў навучання прадпрымаецца выданне навучальных дапаможнікаў. Пачатак быў пакладзены ў 1948 годзе выданнем "Школы для цимбал" І. Жыновіча. Гэты кірунак працы актывізуецца з 1970-х гадоў, выдаюцца навукова-метадычныя працы, якія значна ўзбагацілі тэарэтычную аснову народна-інструментальнага мастацтва. Сярод іх – "Совершенствование приёмов звукоизвлечения и артикуляции на белорусских цимбалах" (1976) і "Школа игры на цимбалах" (1983) Я.П. Гладкова; "Активизация музыкального слуха при обучении игре на домре" (1981) і "Обучение игре на домре. Вопросы теории и методики" (2001) Г.В. Асмалоўскай; "Принципы формирования исполнительского аппарата балалаечника" (1981) і "Школа игры на балалайке" (1997) В.М. Шчарбака (у 2002 годзе ён паспяхова абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства). Выкладчыкамі кафедры публікуюцца нотныя зборнікі для гітары (склад. – В.С. Жывалеўскі, Я.М. Грыдзюшка), цымбал (склад. – Я.П. Гладкоў, Т.П. Сяргіенка, Р.У. Падойніцына, В.А. Прадзед), домры (склад. – Г.В. Асмалоўская). У 2017 годзе В.А. Прадзед абаранiла дысертацыю на суiсканне вучонай ступенi кандыдата мастацтвазнаўства.

Члены кафедры сталі ініцыятарамі заснавання рэспубліканскіх прафесійных асацыяцый: у 1992 годзе была заснавана Асацыяцыя дамрыстаў і мандалiнiстаў (старшыня – Г.В. Асмалоўская), у 1997 годзе – Асацыяцыя цымбалістаў (старшыня – Я.П. Гладкоў). Праца гэтых асацыяцый спрыяе развіццю сувязяў паміж музыкамі ў рэспубліцы і за яе межамі. Так, пачынаючы з 1997 года Асацыяцыя беларускіх цымбалістаў пры падтрымцы і практычнай дапамозе Беларускага саюза музычных дзеячаў рэгулярна адзін раз у два-тры гады праводзіць рэспубліканскія фестывалі "Сярэбраны звон цымбалаў" спачатку на базе Маладзечанскага, потым Баранавічскага музычных коледжаў. У красавіку 2008 года Беларускім саюзам музычных дзеячаў і Асацыяцыяй беларускіх дамрыстаў і мандаліністаў на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі стварылась II Рэспубліканская мандалінная сэсія, у межах якой праводзілі майстар-класы прафесара з Германіі М. Вільдзен-Хюсген (мандаліна) і М. Штраўс (гітара) пры ўдзеле К. Пракопчык (мандаліна) і Я. Скрыгана (гітара).

Кафедра актыўна падтрымлівае правядзенне рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў, канферэнцый, мэтай якіх з'яўляецца захаванне і развіццё нацыянальнай музычнай культуры, павышэнне прафесійнага ўзроўню выканальніцтва на народных інструментах, абуджэнне цікавасці слухачоў, музычнай грамадскасці да вытокаў нацыянальнай музычнай культуры. Так, у снежні 2005 года праходзіў ІІІ Рэспубліканскі фестываль, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў беларускага народна-інструментальнага мастацтва Г.І. Жыхарава (1915–1973). У рамках фестывалю быў праведзены шэраг мерапрыемстваў: конкурс маладых выканаўцаў, юбілейныя навуковыя чытанні, канцэртныя выступленні ансамбляў і аркестраў. У лістападзе 2010 года прайшоў IV Рэспубліканскі фестываль памяці Г.І. Жыхарава, у лістападзе 2015 года арганізуецца V Рэспубліканскі фестываль, прысвечаны 100-годдзю з дня яго нараджэння.

У траўні 2007 года адбылася навукова-практычная канферэнцыя і вялікі юбілейны канцэрт, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння І.І. Жыновіча (1907–1974). У маі 2015 года ў Лідзе праводзіўся VII Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча ў намінацыях "Баян", "Акардэон", "Цымбалы", "Балалайка", "Домра-мандаліна", "Гітара".

усе фота