• На галоўную
  • Карта сайта

Кафедра аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі

Кафедра аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі

Кафедра аркестравага дырыжыравання ўтворана ў 1968 годзе, але яшчэ да яе афіцыйнага нараджэння ў рамках кафедры народных інструментаў арганізоўваліся класы оперна-сімфанічнага дырыжыравання: у 1937–1938 гадах І. Мусіным, у 1945 году А. Бронам, потым Р. Рубінштэйнам, у 1950-я гады І. Гітгарцам, М. Шнэйдэрманам, С. Ратнэрам, В. Дуброўскім, у 1960-я – В. Катаевым. Творчыя, педагагічныя і арганізацыйныя ідэі гэтых выдатных дырыжораў і ляглі ў аснову дзейнасці будучай кафедры, якую ў розныя гады ўзначальвалі вядомыя музыканты, дацэнты Ігар Букрэеў (1968–75), Сяргей Кафанаў (1975–86), Аркадзь Берын (1986–97). У цяперашні час загадчыкам кафедры аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі з'яўляецца вядомы беларускі дырыжор, дацэнт Пётр Вандзілоўскі.

За гады існавання кафедра прайшла вялікі шлях прафесійнага станаўлення і рэарганізацыйных абнаўленняў. З дырыжорскіх класаў, якія забяспечвалі навучанне з мэтай агульнамузычнага развіцця студэнтаў народнага аддзялення, яна вырасла ў складаную структуру міжфакультэцкага тыпу, у 1974 годзе была адкрыта асістэнтура-стажыроўка. Выпускнікі кафедры аркестравага дырыжыравання: Іосіф Абраміс, Юрый Васілеўскі, Леанід Іваноў, Міхаіл Казінец, Анатоль Лапуноў, Леў Лях, Рыгор Сарока, Міхаіл Фінберг, а таксама Мікалай Алданаў, Аркадзь Берын, Тамара Бялькова, Уладзімір Борматаў, Пётр Вандзілоўскі, Андрэй Галанаў, Генадзь Ермачэнкаў, Віктар Малых, Вячаслаў Чарнуха, Зоя Шаціла, Віктар Бабарыкін, Генадзь Багамолаў, Алег Лясун, Андрэй Іваноў, Іван Касцяхін ўнеслі вялікі ўклад у развіццё культуры нашай краіны.

На кафедры займаецца звыш 120 студэнтаў, якія навучаюцца па спецыяльнасці "дырыжор оперна-сімфанічнага аркестра" і трох спецыялізацыях: "дырыжор камернага аркестра", "дырыжор аркестра народных інструментаў", "дырыжор аркестра духавых інструментаў". Кафедра забяспечвае патрэбы прафесійных аркестраў дырыжорамі вышэйшай кваліфікацыі, камплектуе дырыжорска-педагагічнымі кадрамі навучальныя ўстановы Беларусі ўсіх узроўняў. Выпускнікі кафедры вядомыя за межамі краіны як гастралюючыя дырыжоры, займаюць вядомыя пасады як кіраўнікі прафесійных аркестраў.

Гэтыя поспехі сталі магчымымі дзякуючы багатаму педагагічнаму патэнцыялу кафедры, дзе працуюць народны артыст Беларусі Міхаіл Іванавіч Берсан, заслужаны артыст РБ, дацэнт Барыс Сцяпанавіч Чудакоў, дацэнты Пётр Віктаравіч Вандзілоўскі, Сяргей Іванавіч Кафанаў, Зоя Баляславаўна Шаціла, Аляксандр Пятровіч Сасноўскі, старэйшы выкладчык Уладзімір Ільіч Міняеў.

На кафедры працюць дырыжоры вядучых прафісійных аркестраў Мінска: дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, заслужаны дзеяч мастацтваў РБ Мікалай Сяргеевіч Калядка, галоўны дырыжор Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Юрый Васільевіч Галяс, дырыжор таго ж тэатра Мікалай Уладзіміравіч Макарэвіч, дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Юрый Аляксандравіч Караваеў, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча Аляксандр Іванавіч Высоцкі. Вялікі ўклад у дзейнасць кафедры ўнеслі дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Віктар Міхайлавіч Валатковіч і дырэктар Мінскіага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі, дацэнт Уладзімір Міхайлавіч Чэрнікаў.

На кафедры функцыянуюць шэсць навучальных аркестраў (сімфанічны аркестр, малы сімфанічны аркестр, камерны аркестр, аркестр духавых інструментаў, аркестр рускіх народных інструментаў, аркестр беларускіх народных інструментаў, аркестр баянаў і акардэонаў, цымбальны аркестр).

Аркестравымі калектывамі і педагогамі вядзецца шырокая канцэртная і творчая дзейнасць, якая адпавядае філарманічным прафесійным стандартам. Кафедра з'яўляецца ініцыятарам і арганізатарам правядзення рэгулярных конкурсаў і фестываляў аркестравых і харавых калектываў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Беларусі і Адкрытага кафедральнага конкурсу аркестравых дырыжораў.

З 1 верасня 2017 года кафедра аркестравага дырыжыравання была ператворана ў кафедру аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі. У склад кафедры ўвайшлі вядомыя беларускія кампазітары: заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Віктар Антонавіч Войцік, дацэнты Уладзімір Мікалаевіч Каральчук, Мікалай Канстанцінавіч Літвін, Сяргей Іванавіч Янковіч.

усе фота