• На галоўную
  • Карта сайта

Кафедра баяна і акардэона

Кафедра баяна і акардэона

Дзейнасць аддзялення народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі пачалася ў 1937 годзе, калі быў адкрыты клас народных інструментаў, які ўключаў спачатку некалькі студэнтаў па спецыяльнасцях цымбалы, баян, домра і балалайка. У 1939 годзе на Усесаюзным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах вялікага поспеху дабіліся цымбалісты Іосіф Жыновіч (2 прэмія), Аркадзь Астрамецкі (1 прэмія), дамрысты М. Лысенка (3 прэмія) і Георгій Жыхараў (дыплом). У 1945 годзе працягнулася дзейнасць класа народных інструментаў, перарваная вайной з фашысцкай Германіяй.

У 1949 годзе была арганізавана кафедра народных інструментаў, якую ўзначаліў выбітны цымбаліст-віртуоз, заснавальнік беларускай прафесійнай цымбальнай школы, мастацкі кіраўнік дзяржаўнага аркестра БССР Іосіф Іосіфавіч Жыновіч, ганараваны пасля ганаровага звання народны артыст СССР, вучонага звання прафесар і Дзяржаўнай прэміі БССР. Да педагагiчнай работы на кафедры былі запрошаны абдараваныя выпускнікі: Георгій Іванавіч Жыхараў (балалайка, домра), Эльфрыда Мікалаеўна Азарэвіч (баян), Самуіл Львовіч Ратнер (дырыжыраванне). Паступова адкрываліся класы акардэона, гітары, факультатыўна асвойваецца мандаліна. Папаўненне і пашырэнне складу кафедры ў асноўным адбывалася за кошт яе найбольш таленавітых выпускнікоў: Паўла Карловіча Пагоцкага (клас домры, балалайкі, гітары, ансамбля), Леаніда Аляксандравіча Смялкоўскага (домра), Галіны Віктараўны Асмалоўскай (домра), Эдуарда Міхайлавіча Лямбовіча, Рыгора Міхайлавіч Грышаева, Валянціна Аляксеевіча Чабана, Генадзя Мікалаевіча Мандруса, Роберта Міхайлавіча Назаранка, Уладзіміра Фёдаравіча Савіцкага, Таццяны Пятроўны Брагінец (баян). Пазней у склад кафедры ўвайшлі выпускнікі ДМПІ імя Гнесіных: лаўрэат Усесаюзнага фестывалю, аўтар твораў для балалайкі прафесар Мікалай Вікенцьевіч Прашко, прафесар Валянціна Пятроўна Пісарчык (баян), кандыдаты педагагічных навук, дацэнты Канстанцін Міхайлавіч Булыга (баян) і Элеанора Мікалаеўна Скуратава (акардэон), выпускнік Саратаўскай кансерваторыі, прафесар Барыс Васільевіч Сінецкі (баян) і іншыя. Пасля І.І. Жыновіча кафедрай таленавіта і плённа кіравалі такія вядомыя музыкі, як дацэнт Георгій Іванавіч Жыхараў і заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Міхаіл Рыгоравіч Солапаў.

Нароўні з вучэбна-выхаваўчай, навукова-даследчай, творчай і метадычнай работай асаблівае месца займала і канцэртна-выканальніцкая дзейнасць прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнцтва. Выканальніцкія традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі і якія развіваліся на працягу ўсіх гадоў, яшчэ больш актывізаваліся пасля падзелу кафедры народных інструментаў у 1980 годзе на кафедру баяна і акардэона (загадчык кафедры – заслужаны артыст РБ, прафесар Мікалай Іванавіч Сеўрукоў) і кафедру струнных народных інструментаў (загадчык кафедры – народны артыст Беларусі, прафесар Яўген Пятровіч Гладкоў). Гэтымі кафедрамі праводзіліся тэматычныя, сольныя, ансамблевыя канцэрты ў Беларусі і за яе межамі. З сольнымі канцэртамі выступалі В.А. Чабан, М.І. Сеўрукоў, І.А. Атраднаў, В.П. Пісарчык у складзе трыа баяністаў "Мінск", А.А. Шувалаў, І.М. Квашэвіч, Л.В. Скачко, С.М. Бельская, В.М. Плігаўка, А.С. Дараганаў і І.В. Дараганава ў складзе дуэта "Экспрэсія".

Да працы на кафедры за апошнія гады быў запрошаны шэраг маладых выкладчыкаў: Вольга Аляксандраўна Шаўчэнка, Аляксандр Аляксандравіч Шувалаў, Алена Мікалаеўна Валынец, Ігар Міхайлавіч Квашэвіч, Лідзія Віктараўна Скачко, Аляксей Сяргеевіч Дараганаў, Ірына Віктараўна Дараганава, Святлана Міхайлаўна Бельская, Уладзімір Паўлавіч Бубен, Уладзіслаў Мікалаевіч Плігаўка, Сяргей Генадзевіч Бутар. У чэрвені 2011 года кафедру ўзначаліў дацэнт Мірон Іванавіч Була, з 23 лістапада 2016 года кіруе кафедрай дацэнт Аляксандр Аляксандравіч Шувалаў.

Кафедрай вядзецца вялікая навукова-даследчая, творчая і метадычная работа. Доктарам мастацтвазнаўства з'яўляецца прафесар В.А. Чабан, кандыдатам мастацтвазнаўства – старшы выкладчык Л.В. Скачко.

Пры актыўным удзеле кафедры праводзяцца рэспубліканскія конкурсы і фестывалі. За апошнія дзесяцігоддзі прыкметна актывізаваўся ўдзел таленавітых студэнтаў у розных міжнародных выканальніцкіх конкурсах.

усе фота