• На галоўную
  • Карта сайта

Кафедра харавога дырыжыравання

Кафедра харавога дырыжыравання

Кафедра харавога дырыжыравання была арганізавана ў 1934 годзе. На працу ў якасці хормайстра ў Беларускую кансерваторыю быў запрошаны Ісідар Германaвіч Бары – выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, вучань прафесара М. Даніліна (потым І. Бары стаў адным з арганізатараў Беларускай харавой капэлы). Затым кіраўніцтва кафедрай ажыццяўляла Л.М. Шварц – выпускніца Маскоўскай кансерваторыі па класе прафесара Г. Дзмітрыеўскага. Яна ж была і першым хормайстрам опернай студыі кансерваторыі. У 1940 году кафедра папоўнілася яшчэ адным выкладчыкам – Мікалаем Фёдаравічам Маславым, выпускніком Маскоўскай кансерваторыі па класе прафесара П.Часнакова. Да пачатку 1940-х гадоў дырыжорска-харавым факультэтам былі падрыхтаваны некалькі выпускаў студэнтаў. Сярод іх – А. Юшкевіч (потым прафесар Малдаўскай кансерваторыі), Д. Хургіна (хормайстар шэрагу калектываў Ленінграда) і іншыя.

Калі ў 1944 годзе дзейнасць кансерваторыі пасля заканчэння вайны была адноўлена, на кафедры пачалі працаваць новыя педагогі – Марк Рыгоравіч Шнэйдэрман і Самуіл Львовіч Ратнер. Кіраваў кафедрай амаль 20 гадоў выхаванец Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, дырыжор Вялікага тэатра оперы і балета БССР, прафесар Ілля Аляксандравіч Гітгарц. Пазней на кафедру былі запрошаны выпускніца Ленінградскай кансерваторыі па класе прафесара А. Ягорава Ганна Паўлаўна Зелянкова (з 1949 года) і выпускнік Віленскай кансерваторыі па класе прафесара К. Кавяцкаса і аспірантуры Маскоўскай кансерваторыі па класе прафесара А. Свешнікава Віктар Уладзіміравіч Роўда (з 1956 года).

З 1963 па 2007 год, аж да скону, нязменным кіраўніком кафедры быў народны артыст СССР, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар В.У. Роўда. На гэтай пасадзе яго змяніў дацэнт Валерый Лявонцьевіч Аўраменка, а з лютага 2011 года кафедру ўзначаліла дацэнт Інэса Міхайлаўна Бадзяка.

У розны час на кафедры працавалі народны артыст БССР Аляксей Пятровіч Кагадзееў, заслужаны работнік культуры БССР Васіль Мікалаевіч Варатнікоў, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Канстанцін Іосіфавіч Паплаўскі, а таксама Ігар Андрэевіч Жураўленка, Уладзімір Андрэевіч Ульянаў, Ларыса Андрэеўна Раманоўская, Тамара Паўлаўна Гуліна, Яўген Аляксандравіч Грамыка, Мікалай Мікалаевіч Хвісюк.

У цяперашні час на кафедры выкладаюць народны артыст БССР, прафесар Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі, дацэнты Валерый Лявонцьевіч Аўраменка, Ларыса Андрэеўна Шымановіч, Тамара Гаўрылаўна Слабодчыкава, народная артыстка Беларусі Ніна Іосіфаўна Ламановіч, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Святлана Сцяпанаўна Герасімовіч, дацэнт Юрый Анатольевіч Караеў, старэйшыя выкладчыкі Андрэй Раманавіч Саўрыцкі, Кірыл Раманавіч Насаеў, Андрэй Аляксеевіч Кунцэвіч, Уладзімір Валер'евіч Глушакоў, Вольга Уладзіміраўна Іжык, выкладчыкі Вольга Яўгенаўна Янум, Анастасія Андрэеўна Храпіцкая, Вольга Іванаўна Карпей, Сямён Міхайлавіч Кліманаў, Вячаслаў Вячаслававіч Ларын, Таццяна Мікалаеўна Шчамялёва.

Асноўны напрамак дзейнасці кафедры – падрыхтоўка высокапрафесійных кадраў для працы ў тэатральных, канцэртных установах, установах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, музычных школах. У цяперашні час выпускнікі кафедры з'яўляюцца вядучымі хормайстрамі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Р. Шырмы, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І. Цытовіча, Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі, Дзяржаўнага камернага хору, Музычнай капэлы "Санорус" і г. д.

Найважнейшымі творчымі дасягненнямі студэнцкага хору Акадэміі (www.choirbgam.by), арганізаванага ў 1995 годзе, сталі гран-пры на Міжнародным харавым конкурсе музычных ВНУ СНД і Еўропы (Малдова, г. Кішынёў, 1995), гран-пры "Оскар" і 3 "залатых дыплома" на II Міжнародным конкурсе хораў (Германія, г. Дармштадт, 1997), гран-пры на XVI Міжнародным фестывалі праваслаўнай харавой музыкі (Польшча, г. Хайнаўка, 1997), гран-пры на Міжнародным фестывалі "Магутны Божа" (Беларусь, г. Магілёў, 2000) і іншых.

Педагогі кафедры шмат часу вылучаюць на практычную хормайстарскую дзейнасць, прымаюць удзел у працы журы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў. У лістападзе 2009 года на базе Акадэміі ўпершыню арганізаваны Першы адкрыты конкурс харавых дырыжораў імя В.У. Роўды, у 2011 годзе – Другі конкурс, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння В.У. Роўды, у красавіку 2014 гады – Трэці конкурс, які быў прымеркаваны да 80-годдзя кафедры харавога дырыжыравання. У лістападзе 2016 года адбыўся Чацвёрты конкурс (да 95-годдзя з дня нараджэння В.У. Роўды).

З мэтай захавання традыцый і развіцця сучаснай адукацыі дырыжораў-хормайстраў у 2010, 2012 і 2015 гадах праводзіліся конкурс харавых дырыжораў сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнцкія навукова-практычныя канферэнцыі ("Харавое выкананне: традыцыі і сучаснасць", 2010; "Харавое мастацтва: учора, сёння, заўтра", 2013; "Харавое мастацтва да пачатку XXI стагоддзя: стан і перспектывы", 2015), фестывалі "Viva, ХОР!", у рамках якіх прайшлі шматлікія канцэртныя мерапрыемства ў 2012 і 2014 гадах. Па ініцыятыве кафедры з 2006 года адбываецца творчы і адукацыйны праект "Харавыя старонкі XX стагоддзя", у рамках якога адбыліся канцэрты, творчыя сустрэчы, лекцыі, майстар-класы вядомых харавых дырыжораў з Расіі, Балгарыі, Даніі, Польшчы, Швейцарыі, Латвіі. Кафедра з'яўляецца ініцыятарам правядзення гарадскіх святаў харавой музыкі, якія праходзяць на працягу апошніх гадоў, сярод іх свята харавой і інструментальнай музыкі да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў, Рэспубліканская акцыя "Харавое Веча" і многія іншыя.

Выкладчыкі вядуць разнастайную навукова-метадычную працу: складаюцца тыпавыя навучальныя праграмы для ўстаноў вышэйшай адукацыі, выдаюцца вучэбна-метадычныя дапаможнікі і зборнікі харавой музыкі. Педагогі пастаянна аказваюць метадычную дапамогу выкладчыкам музычных каледжаў, чытаюць курсы лекцый на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Акадэміі музыкі, удзельнічаюць у правядзенні дзяржаўных экзаменаў у музычных каледжах. Кафедра з'яўляецца ініцыятарам правядзення Рэспубліканскіх семінараў-практыкумаў па харавых спевах пад творчым кіраўніцтвам вядучых майстроў харавога выканальніцкага мастацтва, якія праводзяцца цягам апошніх гадоў.

усе фота