• На галоўную
  • Карта сайта

Ансамбль цымбалістаў "Лілея"

Ансамбль цымбалістаў "Лілея"

Ансамбль "Лілея" быў арганізаваны ў 1966 г. кафедрай народных інструментаў і стаў першым калектывам падобнага кшталту ў рэспубліцы. Студэнцкі калектыў зарэкамендаваў сябе заўважнай канцэртнай адзінкай, яго высокапрафесійныя выступленні сталі стымулам для стварэння такіх калектываў у іншых музычных навучальных установах. Арганізатарам і нязменным кіраўніком ансамбля з'яўляецца вядомы беларускі цымбаліст, загадчык кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў, народны артыст Беларусі, прафесар, старшыня Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў Яўген Пятровіч Гладкоў.

Аснову рэпертуару калектыву складаюць творы беларускіх аўтараў, што падкрэслівае яго нацыянальную прыналежнасць і мае вялікае выхаваўчае і прапагандысцкае значэнне. Ярка гучаць у перакладанні для ансамбля таксама сачыненні аўтараў розных жанраў і эпох. Віртуознасць, найвышэйшае прафесійнае майстэрства і артыстызм студэнтаў-цымбалістаў, разнастайнасць рэпертуару ў сольным і ансамблевым выканальніцтве заўсёды захапляюць музычную грамадскасць і цымбалістаў-прафесіяналаў як у нашай краіне, так і за яе межамі.

У красавіку 2011 г. ансамбль бліскуча адзначыў сваё 45-годдзе цудоўным канцэртам у двух аддзяленнях у канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. За мінулы перыяд адбылося шмат выступленняў як з канцэртнымі нумарамі, так і цэлымі праграмамі. Калектыў неаднаразова выступаў перад замежнымі дэлегацыямі, удзельнічаў у канцэртах рэспубліканскага значэння, на адкрыцці розных выстаў, фестываляў, тыдняў музыкі для дзяцей і юнацтва, зрабіў запісы на радыё і тэлебачанні. Запамінальнымі былі юбілейныя вечары, прысвечаныя М. Багдановічу, П. Броўкі, І. Буйніцкаму, С. Ясеніну, Я. Маўру, М. Гарэцкаму, І. Жыновічу і інш.

Ансамбль "Лілея" – лаўрэат міжнародных фестываляў у Расіі і Польшче. Ён з поспехам гастраляваў у Расіі, Украіне, гарадах Прыбалтыкі і Еўропы, удзельнічаў у працы Сусветных кангрэсаў цымбалістаў ў Кішынёве (Малдова), Магілёве (Беларусь), Браціславе (Славакія), Апенцэле (Швейцарыя).

усе фота