• На галоўную
  • Карта сайта

Камерны аркестр

Камерны аркестр

Камерны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі арганізаваны ў 1969 г. У назве аркестра "Gradus ad Parnassum" падкрэсліваецца імкненне да ідэальнай якасці. Кожная новая праграма, кожны канцэрт у жыцці гэтага маладога творчага калектыву сваеасаблівая прыступка ўзыходжання да прафесійнага артыстычнага майстэрства. Увесь час абнаўляючыся новымі музыкантамі з ліку студэнтаў, аркестр захоўвае высокі прафесійны выканальніцкі ўзровень. Камерны аркестр з'яўляецца навучальным калектывам, але вядзе сталую канцэртную дзейнасць, выступаючы ў розных рэгіёнах Беларусі і за мяжой, удзельнічая ў шматлікіх музычных фэстах. Гэты калектыў запрашаюць для выступленняў у святочных мерапрыемствах, на яго базе праводзіліся дырыжорскія майстар-класы ў Італіі. Калектыў з поспехам выступаў у залах Германіі, Іспаніі, Фінляндыі, Галандыі, Бельгіі.

Першым кіраўніком аркестра быў прафесар В.М. Зяленін, у 1990-х гг. аркестрам кіраваў В.М. Сарока, а з 1999 г. яго ўзначаліў  загадчык кафедры аркестравага дырыжыравання, дацэнт П.В. Вандзілоўскі. Вялікі канцэртны рэпертуар калектыву ўключае творы розных эпох, школ і кірункаў ад барока да авангарду. У рэпертуары аркестра такія складаныя творы, як "Серэнада для струннага аркестра" П. Чайкоўскага, "Серэнада" А. Дворжака, Сімфонія № 2 А. Анэгера, Шэсць Брадэнбургскіх канцэртаў І.С. Баха, сюіта "Музыка на вадзе" і араторыя "Месія" Г.Ф. Генделя, "Вялікая імша" В.А. Моцарта і інш. Выкананню аркестра ўласціва імкненне да стылёвай дакладнасці, дынамічнай выразнасці, тэхнічнай дасканаласці. Аркестр мае свае фондавыя запісы ў Белтэлерадыёкампаніі, запісы кампакт-дыскаў з творамі І.С. Баха, В.А. Моцарта, С. Рахманінава і інш.

усе фота