• На галоўную
  • Карта сайта

Аркестр беларускіх народных інструментаў

Аркестр беларускіх народных інструментаў

Беларускі аркестр – унікальная з'ява нацыянальнай музычнай культуры, пачатак якому паклаў больш за 70-ці гадоў таму народны артыст СССР, прафесар Іосіф Іосіфавіч Жыновіч.

Аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі мае дастаткова доўгую і багатую гісторыю. Яго ўзначальвалі вядомыя ў Беларусі і за яе межамі дырыжоры і педагогі, у тым ліку Яўген Пятровіч Гладкоў, Генадзь Аляксандравіч Ермачэнкаў, Пётр Віктаравіч Вандзілоўскі, Віктар Міхайлавіч Валатковіч. У цяперашні час музычным кіраўніком калектыву з'яўляецца Аляксандр Іванавіч Высоцкі – выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па спецыяльнасці "оперна-сімфанічнае дырыжыраванне", дырыжор Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Рэпертуар аркестра надзвычай разнастайны. Асаблівае месца займаюць шэдэўры сусветнай музычнай класікі і арыгінальныя апрацоўкі беларускага музычнага фальклору. Значнае месца адводзіцца творам беларускіх кампазітараў Яўгена Глебава, Генадзя Ермачэнкава, Вячаслава Кузняцова, Віктара Войціка, Уладзіміра Каральчука, Мікалая Літвіна і інш.

Музычная экспрэсія, бліскучая тэхніка, філігранная нюансіроўка, эфектнасць тэмбравага гучання і аркестравых аранжыровак – вось асноўныя элементы поспеху і выканальніцкае credo калектыву.

Беларускі аркестр народных інструментаў вядзе актыўнае канцэртнае жыццё, супрацоўнічае з лепшымі вакалістамі і інструменталістамі Беларусі, выступае ў зале Белдзяржфілармоніі, ажыццяўляе запісы музычных праграм у Белтэлерадыёкампаніі, прымае ўдзел у юбілейных і памятных канцэртах, прысвечаных творчасці С. Манюшкі і І. Жыновіча, выступае ў рамках цыкла "Парад аркестраў", арганізаванага Акадэміяй музыкі. Штогод аркестр стварае новыя праграмы і выступае з імі на розных канцэртных пляцоўках. У цяперашні час прыярытэтнымі з'яўляюцца праграмы з твораў сучасных беларускіх аўтараў.

Высокі выканальніцкі ўзровень студэнцкага калектыву, большасць якога складаюць лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, падахвочвае кампазітараў складаць музыку менавіта для яго. За некалькі апошніх гадоў адбыліся прэм'еры твораў У. Кузняцова, С. Янковіча і інш.

усе фота